На трасе ў Іўеўскім раёне перакуліўся аўтамабіль
1- 30.01.2023, 10:33
- 4,830
Кіроўца загінуў, пасажыр у рэанімацыі.
Увечары ў нядзелю на трасе М6 "Менск - Гародня" адбылася аварыя з аўтамабілем Nissan. Кіроўца загінуў на месцы, пасажыр патрапіў у рэанімацыю - абодва не былі прышпіленыя рамянямі бяспекі, паведамляе ДАІ УУС Гарадзенскага аблвыканкама.
ДТЗ здарылася а палове на дзясятую вечара 29 студзеня на трасе М6 "Менск - Гародня" паблізу вёскі Бакшты Іўеўскага раёна.
46-гадовы мясцовы жыхар за стырном Nissan ехаў у бок Менска. Ён не справіўся з кіраваннем, аўтамабіль з'ехаў у кювет і перакуліўся.
Кіроўца загінуў на месцы здарэння, ягоны 36-гадовы пасажыр з цяжкімі траўмамі дастаўлены ў рэанімацыю мясцовай лякарні. Паводле папярэдняй інфармацыі, абодва не былі прышпіленыя рамянямі бяспекі.
Паводле факту ДТЗ праводзіцца праверка.