8 траўня 2024, Серада, 16:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскі вайсковы экспэрт расказаў, чым займаецца ПВК «Вагнера» ў Беларусі

7
Украінскі вайсковы экспэрт расказаў, чым займаецца ПВК «Вагнера» ў Беларусі
АЛЯКСАНДР КАВАЛЕНКА

Аляксандр Каваленка падзяліў «вагнераўцаў» на чатыры групы.

На сёння расейскую прыватную вайсковую кампанію «Вагнер» варта падзяляць на чатыры групы, піша для site.ua ўкраінскі вайсковы экспэрт Аляксандр Каваленка.

Першая група, найболей прафесійная, якая складаецца з наймітаў з баявым досведам. Але знаходзіцца яна цяпер не ва Украіне і нават не ў Расеі, а ў іншых краінах, на якія распаўсюджваюцца апетыты Крамля.

Самая буйная групоўка ПВК «Вагнера» знаходзіцца ў Цэнтральнаафрыканскай Рэспубліцы і Лібіі. Хачу адзначыць, што афрыканская група «Вагнера» практычна не змянілася з пачатку вайны на Украіне ў 2022 годзе, толькі ў самым пачатку ўварвання зменшылася на 10%.

Гэта звязанае з дзвюма прычынамі. Па-першае, многія найміты проста не хацелі ехаць ваяваць ва Украіну. У Афрыцы ім нашмат бяспечней, чым цяпер ва Украіне, а сілком іх прымусіць пакінуць немалаважны для Масквы плацдарм усё ж не могуць.

Па-другое, Расеі важна захаваць значны баяздольны кантынгент у Афрыцы.

У ЦАР знаходзіцца больш за 2000 расейскіх наймітаў, якія падтрымліваюць Фастэна-Арканжа Туадэру. Гэта прыкладна тры батальённа-тактычныя групы, якія складаюцца з сапраўды якаснага рэсурсу.

У Лібіі прыкладна такая ж групоўка. Расейцы кампактна дыслакуюцца на авіябазе Аль-Джуфра ў цэнтральнай частцы краіны, а таксама на авіябазе Аль-Кардабія ў Сірце і ў партовым раёне горада. Прадстаўнікі ПВК «Вагнер» таксама забяспечваюць паветранае прыкрыццё гэтых раёнаў на МіГ-29.

Таксама «вагнераўцы» прысутнічаюць у Малі, Судане, Мазамбіку, Анголе, Зімбабвэ, Гвінеі-Бісаў, Гвінеі і на Мадагаскары, але ў колькасці да адной батальён-тактычнай групы. Маюцца таксама звесткі аб з'яўленні «вагнераўцаў» у Эрытрэі. Усяго ў Афрыцы знаходзіцца да 10 тысяч расейскіх наймітаў.

Другая групоўка ПВК «Вагнер» уяўляе сабой прафесійны касцяк, які захаваўся ў Расеі. Іх не выкарыстоўваюць як жывое мяса, а захоўваюць у межах другой лініі ў зоне баявых дзеянняў, альбо ўжываюць як інструктараў у трэніровачных лагерах Расеі, а таксама Беларусі.

У Беларусі не менш за 150 «вагнераўцаў» праводзяць інструктаж патэнцыйных наймітаў з ліку грамадзян Беларусі, а таксама бяруць частковы ўдзел у трэніровачным працэсе «чмонь» са складу, у мінулым 2 МСД 1 ТА, а цяпер 6 МСД 3 АК. Але да падрыхтоўкі «чмонь» надта блізка іх не дапускаюць.

Трэцяя група – гэта вязні. Тое самае мяса якое ўжываюць ва Украіне ў рэжыме «на забой». Гэта нават не «вагнераўцы» ў поўным сэнсе слова, бо ў гэтых баявых адзінак толькі адна задача – здохнуць і сваім трупам заняць пазіцыі, забіць каардынаты на мапе. Не больш, не менш.

А таму, калі хтосьці і кажа аб спісванні ПВК «Вагнер» з рахункаў, то ён павінен разумець, што ва Украіне гэтая тэрарыстычная групоўка і сапраўды на сёння страціла свой патэнцыял. У сваю чаргу, яна працягвае захоўваць высокую пагрозу за межамі Расеі, у Афрыцы...і нават Еўропе.

Яшчэ да ўварвання ва Украіну 2022 і да 2014 ПВК «Вагнер» фармавалася як вайсковы філіял для гібрыдных аперацый за межамі Расеі пад эгідай ФСБ. Тады ФСБ паспрабавала адкусіць ад Мінабароны частку бюджэту, выдзеленага на вайсковыя гібрыдныя аперацыі ў іншых краінах.

Адным з лагераў падрыхтоўкі «вагнераўцаў» быў «Партызан» пад Санкт-Пецярбургам. Гэты лагер курыраваў «Рускі імперскі рух» - нацыяналістычная групоўка, якая марыць аб адраджэнні Расейскай імперыі. У 2020 годзе быў прызнаны ў ЗША тэрарыстычнай арганізацыяй.

Самае цікавае, што ў гэтым лагеры першапачаткова праходзілі падрыхтоўку прадстаўнікі расейскіх нэанацысцкіх груповак. І не толькі расейскіх. Праз партызан прайшлі прадстаўнікі розных радыкальных, правых і нэанацысцкіх груповак з Еўропы.

Напрыклад, нэанацысты з Нямеччыны («Трэці шлях» (Der Dritte Weg) і «Маладыя нацыяналісты»), Швэцыі, Францыі, Сербіі - усе яны праходзілі баявую падрыхтоўку ў гэтым лагеры. Потым многія з іх апынуліся ў ПВК «Вагнера» і нават бралі ўдзел у баях на Данбасе супраць Узброеных сіл Украіны.

У ліпені 2017 года акруговы суд Гётэборга прызнаў траіх грамадзян Швэцыі - Віктара Меліна, Джымі Ёнасана і Антона Туліна - вінаватымі ў арганізацыі серыі выбухаў у офісах левых актывістаў. Паводле версіі следства, яны таксама праходзілі курсы падрыхтоўкі ў «Партызане».

У рамках расследавання Служба дзяржаўнай бяспекі Швэцыі (СДБ) падрыхтавала канфідэнцыйны даклад, у якім, як высветлілася на судовым паседжанні, сцвярджалася, што падсудныя праходзілі вайсковую падрыхтоўку ў трэніровачным лагеры «Партызан» у жніўні 2016 года.

ПВК «Вагнер» небяспечная яшчэ і тым, што падтрымлівае кантакты з многімі радыкальнымі групоўкамі ва ўсім свеце. Некаторыя члены гэтых груповак мелі досвед баявых дзеянняў на Данбасе, пасля чаго вярнуліся ў свае краіны, не разрываючы сувязі з ПВК «Вагнера».

Небяспека гэтых кантактаў у тым, што яны могуць быць выкарыстаныя Расеяй для дэстабілізацыі іншых краінаў знутры. Напрыклад, як гэта было ў Францыі падчас пратэстаў «жоўтых камізэлек» ці ў Швэцыі.

І гэтую групу, я мяркую, цалкам можна аднесці да чацвёртай катэгорыі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках