Bloomberg: Энэргарынак, які Расея будавала 50 гадоў, Пуцін знішчыў за 50 тыдняў
4- 30.01.2023, 16:24
- 8,014
РФ назаўжды страціла выхад на энэргетычны рынак Еўропы
Расея выдаткавала амаль 50 гадоў на стварэнне свайго энэргетычнага рынку ў Еўропе, аднак, пачаўшы вайну супраць Украіны, прэзідэнт РФ Пуцін знішчыў яго за 50 тыдняў. Як гаворыцца ў матэрыяле Bloomberg (пераклад - «Уніян», знайсці замену энэргетычнаму рынку будзе практычна немагчыма).
- У той час як Расея знайшла альтэрнатыўныя рынкі для сваёй сырой нафты, у асноўным у Індыі, пераход на продажы нафтапрадуктаў і прыроднага газу зойме гады і будзе спалучаны з вялізнымі выдаткамі. Гэта калі ўвогуле магчыма стварыць рынкі, калі свет адвернецца ад выкапнёвага паліва, - гаворыцца ў матэрыяле.
Калі 24 лютага войскі Масквы ўварваліся ва Украіну, яе еўрапейскія спажыўцы энэргіі спалохаліся. Рынак, які паглынаў амаль 2,5 мільёна барэляў нафты на дзень, яшчэ 1 мільён барэляў нафтапрадуктаў і 155 мільярдаў кубаметраў прыроднага газу за год, практычна знік.
Плыні сырой нафты з Расіі ў краіны Еўропы пачалі скарачацца неўзабаве пасля таго, як пуцінскія войскі перайшлі мяжу. Да 5 снежня, калі набыла моц забарона Еўрапейскага Звязу на марскі імпарт расейскай нафты, яны ўжо былі на мяжы, і адзіным астатнім рынкам збыту была Балгарыя, якая дабілася часовага выключэння. Плынь нафтапрадуктаў рухаецца па той жа траекторыі напярэдадні аналагічных санкцый, якія набываюць моц 5 лютага.
Еўрапейскі рынак прыроднага газу Расеі таксама страчаны. Велізарная сетка газавых радовішчаў і трубаправодаў, пабудаваная за сотні мільярдаў даляраў з таго часу, як у 1968 годзе першы газ перацёк мяжу з Аўстрыяй, была выкінутая.
У 2017 годзе было падлічана, што 100 мільярдаў даляраў ужо было інвеставанае ў распрацоўку запасаў газу на расейскім паўвостраве Ямал, большая частка якога звязаная з Еўропай трубаправодамі, у тым ліку тыя, што праходзяць па дне Балтыйскага мора і звязваюць Расею з Нямеччынай. Чакаецца, што да 2025 года гэтая лічба падвоіцца. Цяпер большая частка гэтых інвестыцый выглядае залішняй.
У той час як Расея, магчыма, зможа выратаваць своеасаблівыя энэргетычныя стасункі з Еўропай пасля заканчэння вайны, што непазбежна адбудзецца, малаімаверна, што краіны ЕЗ калі-небудзь дазволяць сабе або будуць мець патрэбу ў такой жа залежнасці ад расейскага газу, як было да вайны ва Украіне.
Расейскім нафтавым кампаніям удалося перанакіраваць пастаўкі сырой нафты, якіх пазбягалі традыцыйныя еўрапейскія пакупнікі, шмат у чым дзякуючы смазе індыйскіх нафтаперапрацоўшчыкаў таннай сыравіны. Але такое адцягненне дорага каштавала Расеі і яе нафтавай прамысловасці. Каб пракрасціся на індыйскі рынак, запатрабаваліся вялікія зніжкі, якія, відаць, дасягалі 35 даляраў за барэль, што эквівалентна 40-адсоткаваму паніжэнню кошту.
Да канца мінулага года расейскія барэлі складалі блізу чвэрці імпарту нафты ў Індыю, выцясняючы грузы ад традыцыйных блізкаўсходніх пастаўшчыкоў субкантынента - Савудаўскай Арабіі, Ірака, Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў і Кувейта.