19 красавiка 2024, Пятніца, 9:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ва Украіне далі 10 гадоў турмы беларусу, які ваяваў на баку РФ у прыватным войску

15
Ва Украіне далі 10 гадоў турмы беларусу, які ваяваў на баку РФ у прыватным войску

Украінцы затрымалі яго разам з кулямётам.

На вайну ва Украіну Максім Зязюльчык трапіў праз тры дні пасля вучэнняў на палігоне «Трыгуляй» у Тамбоўскай вобласці Расеі. Кулямёт, з якім яго затрымалі ўкраінцы, перададуць у крыміналістычны цэнтр, паведамляе «Радыё Свабода».

У верасні мінулага года Зязюльчыка ўзялі ў палон украінскія вайскоўцы пры вызваленні ад расейскіх акупантаў Ліманскага раёна Данецкай вобласці. Пазней яго асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі - максімальны тэрмін, прадугледжаны паводле выстаўленых яму абвінавачанняў ва ўдзеле ў якасці найміта ва ўзброеным канфлікце, ваенных або гвалтоўных дзеяннях (ч.4 артыкула 447 Крымінальнага кодэкса Украіны).

Акрамя таго, паводле прысуду, Максім Зязюльчык павінен кампенсаваць 1372 грыўні (амаль 35 даляраў у эквіваленце - Заўвага), якія спатрэбіліся на аплату працы экспэрта пры прывядзенні судовых экспэртыз.

Згодна з украінскім заканадаўствам, Максім Зязюльчык можа абскардзіць гэтую пастанову да 18 лютага. На судовым паседжанні ён заявіў, што прызнае сваю віну і шкадуе аб сваіх супрацьпраўных учынках.

Максім Зязюльчык нарадзіўся ў Рудзенску Пухавіцкага раёна Менскай вобласці. Служыў у падраздзяленні «Ветэраны» кулямётчыкам-рэтранслятарам з 21 ліпеня. Да 25 жніўня знаходзіўся на пазіцыях сіл Расеі ў акупаваным горадзе Ізюме Харкаўскай вобласці.

Батальён «Ветэраны» - падраздзяленне прыватнай вайсковай кампаніі «Рэдут», якая спачатку не ўдзельнічала ў баявых дзеяннях, а выконвала функцыю аховы аб'ектаў.

Максім Зязюльчык удзельнічаў у баях каля Краснаполля ў Данецкай вобласці. Падчас баёў за пазіцыі ў лесапаласе Дубы 30 ліпеня ён быў паранены і да 25 жніўня лячыўся на базе сталай дыслакацыі «Рэдута» ў Ізюме Харкаўскай вобласці.

25 жніўня ў складзе батальёна «Ветэраны» яго перакінулі на пазіцыі каля Сватава ў Луганскай вобласці, дзе ішлі найбольш жорсткія баі. Пазней расейцы перакінулі гэтае падраздзяленне ў Ліманскі раён Данецкай вобласці.

Нарэшце 19 верасня Максім Зязюльчык трапіў у палон да ўкраінскіх вайскоўцаў.

Украінцы ўзялі яго ў палон разам з кулямётам. Згодна з судовай пастановай, зброю перададуць Дзяржаўнаму навукова-даследчаму экспэртна-крыміналістычнаму цэнтру МУС Украіны ў калекцыю зброі і выкарыстання ў экспэртнай і навуковай дзейнасці.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках