Блінкен абмеркаваў з Нэтаньягу ўсебаковую падтрымку Украіны
1- 30.01.2023, 21:24
- 4,042

Дзяржаўны сакратар ЗША правёў перамовы з прэм'ер-міністрам Ізраілю.
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен правёў перамовы з прэм'ер-міністрам Ізраіля Біньямінам Нэтаньягу. Адной з тэм абмеркаванняў была падтрымка Украіны.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на супольны брыфінг Блінкена і Нэтаньягу.
«Мы абмеркавалі паглыбленне супрацоўніцтва для супрацьстаяння дэстабілізацыйнай дзейнасці Ірана ў рэгіёне і за яго межамі. Падобна да таго, як Іран доўгі час падтрымліваў тэрарыстаў, што нападаюць на ізраільцян ды іншыя народы, рэжым (у Тэгеране - рэдакцыя) цяпер пастаўляе беспілотнікі, якія Расея выкарыстоўвае для забойства бязвінных цывільных жыхароў ва Украіне», - падкрэсліў Блінкен.
Ён зазначыў, што Расея таксама пастаўляе зброю Ірану ў рамках супрацоўніцтва паміж краінамі.
«Цяперашнія зверствы з боку Расеі толькі падкрэсліваюць важнасць падтрымкі Украіне ва ўсіх яе патрэбах - у гуманітарнай, эканамічнай і абароннай сфэрах, пакуль яна смела абараняе сваіх людзей і права на існаванне. Гэта тэма, якую мы таксама сёння абмеркавалі», - заявіў Блінкен.
Пры гэтым падчас агульнай прэсавай канферэнцыі з кіраўніком МЗС Ізраіля Элі Коэнам Блінкен адзначыў, што ЗША шануюць гуманітарную дапамогу Украіне ад Ізраіля.
"Мы з нецярплівасцю чакаем магчымасці абмеркаваць, што яшчэ мы можам зрабіць (для Украіны – рэдакцыя)", – дадаў дзяржаўны сакратар.