1 сакавiка 2024, Пятніца, 1:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Перад вачыма Пуціна і Лукашэнкі мусіць быць прыклад Мілошавіча

15
Андрэй Саннікаў: Перад вачыма Пуціна і Лукашэнкі мусіць быць прыклад Мілошавіча
Андрэй Саннікаў

Хворых дыктатараў трэба паставіць на месца.

Што зараз адбываецца ў Беларусі? Ці сапраўды там размешчаныя ядзерныя ракеты, ці гэта блеф дыктатараў? Навошта Лукашэнку ПВК «Вагнер»? Якія санкцыі дапамогуць задушыць рэжым і што прывядзе беларусаў да перамогі? Чаму Беларусь абавязкова павінна стаць сябрам NАТО? На гэтыя і іншыя пытанні ў праграме сайта Charter97.org Studio X97 адказаў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў. Вядоўца - Яўген Клімакін.

Падпісвайцеся на Youtube канал «Хартыі-97» - charter97video. Падзяліцеся відэа з сябрамі. Стаўце лайкі і пішыце каментары.

- Андрэй Алегавіч, хацеў бы пачаць нашу праграму з ядзернай тэмы. Шмат спекуляцый, шмат інфармацыі ў інтэрнэце аб тым, ці ёсць расейскія ядзерныя ракеты на тэрыторыі Беларусі, ці няма іх. Што вам вядома і якія рызыкі нясе ўвогуле гэтая сітуацыя?

- Сітуацыя надзвычай небяспечная. Я не магу сказаць, ці ёсць ядзерная зброя на тэрыторыі Беларусі. Бо, па-першае, ні Пуціну, ні Лукашэнку верыць нельга. Яны ўвесь час хлусяць. І тое, што казаў Лукашэнка, што мы зараз вось за месяц адновім усё, што было... Нічога ён не адновіць. Гэты вельмі складаны будынак для захоўвання ядзерных боегаловак і тое, што было ў Беларусі, даўно прыйшло ў непрыдатнасць. Таму гэта быў блеф.

І тое, што Пуцін казаў, што ўжо пачала перамяшчацца ядзерная зброя, таксама пакуль няма пацвярджэння. Пакуль я бачу, што ідзе гульня на нервах для публікі, думаю, спецыялісты ведаюць, але са сваіх нейкіх прычын ні выведка ЗША, ні выведка NАТО не паведамляе аб тым, ёсць там яна ці не. Былі нейкія выцекі, але пакуль не пацвярджаецца.

Тым не менш, сітуацыя небяспечная. Калі ўжо прынятая пастанова, калі ўжо абвешчана ўсяму свету, што гэтая зброя будзе знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, то трэба прымаць меры. Трэба проста прымаць меры.

- Якія?

- Усялякія меры. Трэба папярэджваць, што будзе зроблена ў выпадку з'яўлення гэтай зброі. Бо сёння NАТО паводзіць сябе неяк дзіўна. Яны кажуць: «Мы не бачым асаблівай небяспекі і адсочваем сітуацыю». Гэтыя паводзіны Захаду азначаюць, што яны абсалютна не разумеюць менталітэт дыктатараў, гэтых дробных, баязлівых, хворых людзей. Таму што, калі яны кажуць «нічога небяспечнага», тыя думаюць: «ага, значыць, мы можам працягваць, значыць, мы можам ісці далей, мы можам сапраўды зрабіць такое, што яны ўжо нарэшце адчуюць небяспеку». Вось так гэта ўспрымаецца і Пуціным, і Лукашэнкам.

Таму трэба казаць: «Мы ўдарым па размяшчэнні расейскіх войскаў». Маюць права, бо Расея сёння агрэсарка і вядзе вайну. І я магу адзначыць, што зусім нядаўна былі праведзены манеўры ў краінах Балтыі, якія былі публічна абвешчаныя як манеўры тэставання пятага артыкула. Што такое пяты артыкул статута NАТО? Гэта азначае, што калі на адну краіну...

- Калектыўная абарона.

- Калектыўная абарона. Увогуле, гэта сігнал. Гэта добры сігнал быў. Але яны павінны расказаць, што будуць рабіць далей. Бо няма тактычнай ядзернай зброі. Выкарыстанне ядзернай зброі ўсялякага, самага мінімальнага радыусу дзеяння азначае стратэгічную ядзерную зброю. Бо змененая ўся стратэгія вайны. Сапраўды можа палыхнуць сусветны пажар. Таму да гэтага трэба сур'ёзна ставіцца.

- Гэта значыць NАТО, на ваш погляд, Альянс павінен сказаць, калі гэта адбудзецца - наступствы: такія і такія.

- Добра. Давайце вернемся да прыкладу, які чамусьці не вельмі любяць успамінаць. Хаця я думаю, што гэта нармальны прыклад. Бамбаванне Югаславіі, калі быў генацыд. Мілошавіч быў папярэджаны шмат разоў. Ён палез на ражон. Палез на ражон - атрымаў. Я вельмі шмат і шчыльна камунікаваў з сербскай апазіцыяй, якая скінула Мілошавіча. Яны не тое, што не пярэчылі, яны не выказваліся негатыўна наконт таго, што такую пастанову прыняў прэзідэнт Клінтан і NАТО. Вось такія прыклады павінны быць перад вачыма ў Пуціна і Лукашэнкі. Каб было зразумела.

Хлопцы, ну з кім вы будзеце цягацца? Вы са сваімі авіяносцамі «Кузямі» ці з кардоннымі вінтоўкамі, з «народным апалчэннем», якое сёння Лукашэнка на пасмешышча выстаўляе? Мне падаецца, што павінны быць сур'ёзныя папярэджанні. Бо ідзе вайна. Мы не ў мірны час жывём. Мы забываемся ўвесь час і спрабуем разважаць аб тым, што нейкае права дзейнічае. Не! Права дзейнічае, але права ваеннага часу.

- Гэта сёння і цяпер. Забіваюць кагосьці, катуюць, гвалцяць, зараз вывозяць дзяцей на тэрыторыю Расеі.

- Абсалютна дакладна. Так.

- Вы разумееце прыроду дыктатараў Лукашэнкі і Пуціна. На ваш погляд, калі яны будуць ужо ў нейкай памежнай сітуацыі, яны могуць выкарыстоўваць ядзерную зброю?

- Я не ведаю наколькі яны сядзяць на нейкіх псіхатропных рэчывах. З пігулкамі, вядома, могуць. Таму што гэта хворыя людзі. Гэта хворыя, запалёныя мазгі, асабліва запалёныя сёння і, акрамя таго, што хворыя, яны яшчэ загнаныя ў кут. Менавіта таму павінны быць дакладныя, у рамках міжнароднага права, папярэджанні.

Таму што Лукашэнка - гэта марыянетка Пуціна. Ён сам, нават калі захоча, ніколі не будзе мець кантролю над ядзернай зброяй. Нават Пуцін не разглядае гэта. А ў Расеі ўсё ж такі ёсць розныя групы. Як ні круці, там няма аднаасобнага дыктатара, як у Беларусі. Гэта розныя групы і на ліха ім гэтая ядзерная вайна, нават абмежаваная.

У Савецкім Саюзе пралічвалі магчымасць вядзення абмежаванай ядзернай вайны. Чым гэта скончылася? Тым, што з'явілася зусім дакладнае абгрунтаванне ядзернай зімы, што наступіць пасля ядзернай вайны, нават абмежаванай. Дык вось, у Расеі ёсць алігархі з вялікімі грашыма, там ёсць уладалюбівыя кланы, там ёсць вайскоўцы, там ёсць спецслужбы пад дахам Патрушава. Яны не вельмі хочуць, як сказаў Пуцін, у рай трапляць. Нават у рай трапляць пры такім развіцці падзей. Таму, калі іх дакладна папярэдзіць, праз гэтыя групы ўплыву гэта абсалютна дакладна дойдзе да Крамля.

- Яшчэ адна важная тэма - лукашэнкаўская забарона выдаваць дакументы, якія пацвярджаюць асобу, беларусам, якія знаходзяцца за мяжой. І што?

- Ён не мае права на гэта.

- А на што ён мае права? Ён і не прэзідэнт, але тым не менш.

- Тут трэба проста звяртацца да партнёраў, перш за ўсё да заходніх дзяржаў, і прасіць іх прымаць меры. Якія могуць быць прыняты меры - гэта таксама цалкам прадказальна і зразумела. Я размаўляю сёння з палітыкамі, з дыпламатамі, з юрыстамі на гэтую тэму.

Па-першае, калі вы хочаце, каб спынілася гэтая практыка, то рабіце жорстка ў дачыненні да тых устаноў, якія будуць выконваць гэтую практыку. Выганяйце на сухі лес амбасады. Яны сёння нікому не патрэбныя. Яны не выконваюць ніякай функцыі. Яны прэзентуюць сёння дыктатуру. Яны займаюцца шпіянажам. Яны займаюцца выведвальнай дзейнасцю. Яны займаюцца прамысловым шпіянажам. Яны займаюцца подкупам у Еўропе палітыкаў, бізнэсоўцаў для таго, каб працавалі на рэжым Лукашэнкі. Навошта гэта патрэбна?

Трэба паставіць зразумелыя ўмовы. Яны не выконваюць умовы міжнародных пагадненняў, напрыклад, Венскай канвенцыі аб дыпламатычных дачыненнях. Еўразвяз мае ўсе вагары, каб сёння прыняць адэкватныя меры ў адказ. Абсалютна ўсе вагары. Паставіць такі ультыматум - і тады паглядзім.

Пазбаўляйце таксама ліцэнзій лукашэнкаўскія фірмы, якія тут працуюць. Яны не выдаюць ніякіх дакументаў грамадзянам Беларусі, тады чаму вы павінны мірыцца з іх фірмамі, якія зарабляюць на гэтую дыктатуру? Выганіце іх, пазбаўляйце ліцэнзій, не падаўжайце ніякіх дакументаў лукашэнкаўскім халуям. Іх поўна тут у Еўропе.

- А сітуацыя ў пазіцыі простага чалавека, які апынуўся ў сітуацыі, калі консульства не хоча яму выдаць дакумент. Што рабіць?

- Што значыць просты чалавек? Гэта грамадзянін Беларусі, які жыве за мяжой. Правільна? За мяжой, у Еўразвязе дзейнічаюць законы. Паводле гэтых законаў ён павінен атрымліваць нейкі дакумент, які дазваляе яму пражыванне тут. Калі ў яго заканчваецца пашпарт, можна атрымаць пашпарт замежніка, можна атрымаць travel document, гэта значыць дакумент для паездак і гэтак далей. Гэта значыць шмат усяго. Але што б я параіў? Звяртайцеся, у мяне шмат было гутарак на гэтую тэму і я ведаю, што паводле гэтых лякал людзі дзейнічаюць зараз.

Я кажу палітыкам: вазьміце складзіце зварот прэзідэнту краіны, кіраўніку парламента, міністру замежных спраў, міністру ўнутраных спраў, у Раду Еўропы, Еўракамісію. І напішыце: просім вас у тэрміновым парадку разгледзець вось такія пытанні. Па заканчэнні пашпарта Беларусі, у сувязі з прыняццем дыктатарам незаконнага ўказу, просім разглядаць гэтыя пашпарты як сапраўдныя. Паставіць штампік, што хочаце. Да заканчэння чалавек прыходзіць. Далей. Просім завяраць дакументы, якія ў нас ёсць, у Міністэрстве замежных спраў у адпаведных установах па месцы знаходжання. Далей. Просім выдаваць візы на 2-3 гады дзеля таго, каб мы маглі легальна знаходзіцца ў гэтай краіне. Гэта ўсё можна развязаць. Толькі вось не трэба спадзявацца на махляроў, якія сёння прапануюць нейкі пашпарт.

- Наколькі рэальная гэтая прапанова і ідэя выдаваць пашпарты «новай Беларусі»?

- Гэта нерэальна абсалютна. Ведаеце, фільм такі быў знакаміты ў савецкія часы «Вяселле ў Малінаўцы». Там Папандопула грошы маляваў. І ён казаў: «Вазьмі сабе ўсё, я сабе яшчэ намалюю». Гэта прыкладна тое ж самае.

Гэта махлярства, ніякага пашпарта не будзе ў паўнацэнным значэнні гэтага слова. Гэта пацешыць гонар, распісацца на паперцы нікому не патрэбнай. Я не хачу нават пра гэта казаць, таму што гэта ашуканства. Людзі, якія вераць, яны потым падмануцца і давядзецца ім дастаткова горка пашкадаваць аб тым, што яны нейкім чынам паверылі ў гэтую зусім непатрэбную ідэю.

Гэта такі ўкід для адцягнення ўвагі ад поўнай паразы гэтых самазванцаў. Да таго ж, гэта шкодна. Я думаю, што гэта проста здрада. Таму што якія б ні былі часы, у нас ёсць дзяржава. Так, сёння яна жыве за дыктатурай, але адмаўляцца ад беларускага пашпарта - гэта значыць прызнаваць Лукашэнку.

- Хацеў бы з вамі яшчэ пра вагнераўцаў пагаварыць. Частка з іх пасля вядомых падзей з Прыгожыным у Афрыку паехала. Нехта вярнуўся ў Расею, падпісаў кантракты і далей забіваюць украінцаў, але ўсё ж, я думаю, тысячы засталіся на тэрыторыі Беларусі. Навошта яны Лукашэнку?

- Яны не Лукашэнку, яны Пуціну патрэбныя. Лукашэнка скнара і баязлівец. Ён не будзе грошай на іх даваць і будзе ўсё ж баяцца, што нешта ім могуць загадаць. Падпарадкоўвацца яны Лукашэнку ўсё адно не будуць. Пуцін трымае нейкую колькасць для таго, каб ізноў жа напружваць украінцаў. Гэта такая тактыка. Павінна захоўвацца напружанне на мяжы Беларусі і Украіны. Для таго, каб украінцы адцягвалі сілы, адсочвалі сітуацыю, каб абсяг адцягнення нейкіх сіл, няхай нават невялікіх, існаваў.

- Нейкія дыверсіі на тэрыторыі Еўрапейскага Звязу?

- Могуць быць, так. Бо ў Польшчы, мы ведаем, не так даўно злавілі двух прапагандыстаў. Ну, якія прапагандысты, яны нібыта ўлёткі расклеілі, рэкрутэры. Але, я думаю, і выведвальная дзейнасць ідзе, у тым ліку на тэрыторыі Польшчы.

Але напраўду я хачу звярнуць увагу, прыехаў гэты дэгенерат, так званы прэзідэнт Паўднёвага Судана Кіір, які на інаўгурацыі абмачыўся, да Пуціна. Для чаго? Я думаю, толькі дзеля таго, каб ПВК прыбыла ў Паўднёвы Судан, каб Пуцін дапамог утрымаць уладу. Думаю, вось гэта і з’яўляецца мэтай, вось гэтыя ПВК, а навошта яны як адзінка ў вайне супраць Украіны? Прыгожын паказаў, што яны могуць узбунтавацца. А вось у Афрыцы, у Азіі яны патрэбныя, у Афрыцы асабліва.

Я думаю, гэта і ёсць стратэгія. Ну, а нейкую групку будзе трымаць. Адсочваць трэба. Я думаю, што трэба ставіцца да гэтага, як я ўжо сказаў, як да легітымнай цэлі для ўзброеных сілаў Украіны на тэрыторыі Беларусі, суагрэсараў.

— Санкцыі Еўразвязу ў дачыненні да Беларусі, у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Дастатковыя, недастатковыя?

- Недастатковыя. Год не было санкцый, зараз нейкія ўвялі. Палова «партманэтаў» усё роўна не трапляюць пад санкцыі, нават «партманэтаў». Ідзе незразумелая валтузня з транзітам збожжа праз тэрыторыю Беларусі. Усё адно гэтая схема час ад часу ўсплывае. Незразумелае лабіяванне набыцця ў Лукашэнкі калію. Тавараабарот расце з Еўразвязам, прычым Польшча і Літва краіны-лідары ў экспарце і імпарце.

Гэта значыць, санкцыі (пакуль яны заяўлены як якасна новы ўзровень, таму што ўсё ж пачалі сектаральныя санкцыі ўводзіць) практычна яшчэ не дзейнічалі. Яны дзейнічаюць, але маглі б дзейнічаць на поўную сілу. Вяртаючыся да злачыннага ўказу Лукашэнкі, які б'е па цывільных грамадзянах за мяжой. Вось тут узмацняйце жорсткасць санкцыі і кажыце: давайце вяртайцеся да нармальнай консульскай практыкі і тады мы можам перагледзець санкцыі.

- А як вам ідэя цалкам перакрыць гандаль ЕЗ, Захаду з Беларуссю?

- Я думаю, што гэта адразу б спрацавала. Я прытрымліваюся зусім дакладнай пазіцыі. Усе санкцыі маральна апраўданыя, пакуль ёсць палітвязні. І абумоўленыя санкцыі павінны быць толькі палітвязнямі. Выпускай усіх палітвязняў - будзем здымаць санкцыі. Я першы скажу: здымайце. Нягледзячы на маю жорсткую пазіцыю наконт санкцый. Усіх! А тут асабліва Анджэй Пачобут, мой сябар, яго забіваюць у турме. І што, нельга нічога зрабіць? Можна! Усё ж дзяржава павінна ратаваць кожнага чалавека, кожную асобу. А іх тысячы сёння ў Беларусі.

- Сітуацыя на польска-беларускай мяжы. Ужо не адзін год гэта ўсё доўжыцца. Многія называюць гэта гібрыднай вайной. Як гэта спыніць? Гэтыя няшчасныя мігранты, якія там вандруюць, паміраюць, перасякаюць мяжу, хаваюцца, іх перакідваюць туды-сюды.

- Мы ведаем, хто вінаваты і хто гэта арганізоўвае. Арганізоўвае гэта Лукашэнка. Вось глядзіце, днямі была зноў атака на мяжу, масавая. У рэгулярным рэжыме яны ладзяць вылазкі не такія масавыя, то нядаўна была масавая. Калі яна здарылася? Пасля таго, як Лукашэнка з'ездзіў да Пуціна. Я бачу прамую сувязь. Пуцін яму сказаў: «Нешта там у цябе там аслабла. Давай паднацісні. Палякаў трэба трымаць у тонусе ўвесь час». Вось таму тут не мігранты. Мігранты, вядома, бедныя, але думаць трэба, прыцягваць да адказнасці тых, хто ўсё гэта арганізоўвае.

Вось у Польшчы, я ведаю, выкрылі адну групу. У Беларусі яе ніколі не раскрыюць. Але ж ёсць людзі, якія працуюць у гэтых краінах. Якія б там ні былі ўрады, там існуюць пасольствы заходніх дзяржаў, еўрапейскіх дзяржаў, Злучаных Штатаў. І ланцужок гэты адсачыць не так складана. І я ўпэўнены, што ў гэтым ланцужку могуць удзельнічаць і грамадзяне дэмакратычных дзяржаў.

- Вы думаеце, гэта больш маштабная гісторыя?

— Я думаю, гэта больш маштабная гісторыя, і, думаю, што і лічбы там дастаткова вялікія. Таму што, глядзіце, зноў выліўся крызіс, Італія зноў зазнае нашэсце мігрантаў. Гэта ўвесь час паўтараецца і ўвесь час будзе нехта, хто будзе выкарыстоўваць гэтыя крызісы для напружання на мяжы з Украінай. Бо Польшча, якая больш за ўсіх дапамагае Украіне, праз гэта і зазнае. Бо трэба трымаць напружанне на гэтай мяжы і паказваць: а мы можам і па Польшчы ўдарыць, і па Літве, і па Латвіі.

- Мы выкарыстоўвалі фармулёўку «гібрыдная вайна». Чаго толькі не адбывалася апошнім часам: і страляюць з тэрыторыі Беларусі па тэрыторыю Польшчы, і ракету, і гелікаптэры бачылі. Ці з'яўляецца гэта падставай, на ваш погляд, для выкарыстання таго самага пятага артыкула NАТО, аб якім мы ўспаміналі?

- Пакуль не. Таму што не было нападу на краіну-сябра NАТО, але на тэрыторыі Беларусі ўжо поўна легітымных цэляў для Узброеных сіл Украіны. І вагнераўцы былі, яны і цяпер застаюцца, і размяшчэнне расейскіх войскаў, і аэрадромы, усе палігоны задзейнічаны пад расейскія войскі, усе вайсковыя аэрадромы задзейнічаны пад іх. Таму для пятага артыкула пакуль няма, але ўсе нейкія неадэкватныя дзеянні, калі пяройдуць мяжу на мяжы, прабачце за таўталогію, можа быць адказ згодна з пятым артыкулам.

- Вы паслядоўна кажаце аб тым, што Беларусь - гэта Еўропа і ў будучыні частка Еўрапейскага звязу. Ці павінна, на ваш погляд, Беларусь быць часткай NАТО?

- Адназначна. Больш за тое, скажу, што без Беларусі не будзе гарантаваная бяспека ў Еўропе. Украіна не развяжа праблему бяспекі Еўропы. Таму што гэта балкон, паглядзіце на карту і вы ўбачыце цудоўны, нібы спецыяльна створаны для расейскіх імперыялістаў балкон для нападу на Еўропу, перш за ўсё на Украіну, Польшчу, Літву, Латвію. І калі гэты балкон не стане незалежнай Беларуссю без дыктатараў, то не будзе ніякай бяспекі ў Еўропе.

Таму я са сваімі ўкраінскімі сябрамі, партнёрамі ўвесь час размаўляю аб тым, што Украіна павінна мець гарантыі бяспекі. Абсалютна дакладна. Але ўключайце Беларусь туды. Таму што без гарантыі з гэтага боку, тэорыя аб буферных зонах, аб тым, што можна ў шэрай зоне дзесьці палавіць рыбку і гарантаваць бяспеку, абвалілася з нападам Расеі на Украіну.

Як сказаў вядомы палітык, дыпламат Курт Волкер, які быў у свой час прадстаўніком прэзідэнта ЗША ва Украіне: «Шэрая зона - гэта зялёнае святло!» Гэта значыць, гэта запрашэнне да агрэсіі. Таму такіх шэрых зон не павінна заставацца. І калі Еўропа выраўнуе свае межы - яна гарантуе бяспеку. А гарантуе бяспеку ў Еўропе сёння толькі NАТО.

Спрабаваў Еўразвяз нейкія сілы свае ствараць, нешта там адбывалася. Мусіць, вырасла каардынацыя паміж узброенымі сіламі еўрапейскіх войскаў, гэта значыць еўрапейскіх краін. Але гэта не дзейнае войска, якое ёсць у NАТО. Паглядзіце, як дакладна працуе сёння NАТО, нягледзячы на існыя і наяўныя супярэчнасці.

Чаму пакідаюць Столтэнбэрга ўжо на трэці тэрмін? Таму што гэта сусветны лідар, які выдатна накіроўвае вялізную машыну вайсковай палітычнай арганізацыі NАТО і з'яўляецца і капітанам, і штурманам адначасова. І калі б NАТО спрыяла, калі б яны пачалі разважаць, што можна, што нельга, а не сталі дапамагаць Украіне, не адразу, прызнаем, але сталі, то Украіны сёння б не было, давайце шчыра казаць. Таму бяспеку і нават па перыметры Еўропы забяспечвае сёння NАТО.

- Ідэя сяброўства Беларусі ў NАТО. Ці знойдзе яна падтрымку сярод беларусаў?

- Я гэтай лініі прытрымліваюся з пачатку 2000-х. І нашая грамадзянская кампанія «Еўрапейская Беларусь» стаіць на гэтых пазіцыях. Рана ці позна нам давядзецца рабіць гэты выбар. Мы не можам рабіць выбар на карысць нейтралітэту. Я не вельмі люблю палітыканскіх разваг «мы павінны быць нейтральнымі».

Хлопцы, сядзьце з алоўкам і палічыце, колькі гэта будзе каштаваць. Найбагацейшая Швэцыя цяпер уступае ў NАТО. Чаму? Яны выдаткоўвалі вялізныя грошы на абарону для таго, каб забяспечыць гэты нейтралітэт. Яны зараз будуць выдаткоўваць менш за тыя ўстаноўленыя 2%, бо на сваю абарону яны выдаткоўвалі значна больш. Таму размовы пра нейтралітэт, пра тое, што мы можам неяк у нейкіх пагадненнях... Па-першае, пагадненні з Расеяй немагчымыя. Што казаць пра нейкія там гандлёва-эканамічныя, Расея выйшла з тых самых ядзерных пагадненняў, пра якія мы казалі. Выйшаўшы з пагадненняў, адразу ж павялічыла небяспеку для ўсяго свету. Адразу ж падарвала міжнародны мір і бяспеку. Таму пра гэта гаворкі быць не можа.

Заставацца боўтацца паміж Расеяй і Еўропай? Ну, гэта ўсё, гэта канец дзяржавы.

- Як Беларусь чысціць ад расейскага ўплыву? Яно ўсё прарасло ўжо.

- Ну, не так прарасло. Я думаю, што яно так прарасло недзе на паверхні, а каранёў яно не пусціла, і таму вельмі просты адказ - узмацняць беларускі ўплыў. І, зноў жа, гэта не нейкія тэарэтычныя развагі. Вось я гляджу, што зараз ва Украіне адбываецца, што я бачу і бачыў раней. Калі я сустракаў маладых людзей за межамі Украіны, якія паміж сабой размаўляюць па-ўкраінску - ну, сэрца радавалася. 20 гадоў, відаць, што парачка закаханых, маладых, прыгожых людзей. Гэта было яшчэ на пачатку 2000-х.

І ў нас было гэта. Да прыходу Лукашэнкі ў нас сямімільнымі крокамі развівалася беларуская, менавіта беларуская культура. І тэлевізія самае галоўнае. У нас былі выдатныя перадачы на беларускай мове, якія з задавальненнем усё глядзелі, і яны не саступалі ў рэйтынгу маскоўскім. Таму ўсё ёсць, і я вам скажу, што культура вельмі заўважна падрасла за гэты час. Вось менавіта з-за таго, што людзі шукаюць, па-першае, новыя спосабы выказвання свайго стаўлення да гэтага ідыятызму, які адбываецца ў Беларусі. А па-другое, шукаюць магчымасць як мага ярчэй выказаць сваё стаўленне. Вядома, зараз, у асноўным, за мяжой гэта ўдаецца рабіць. Але гэта ж беларускае, яно нікуды не знікне. І яно зараз разлілося. 2020 год разліў Беларусь па ўсім свеце. Яно збярэцца.

- Апошняе пытанне. Як перамагаць?

- Як перамагаць? Паўтор 2020 будзе. Я хачу верыць менавіта ў гэты сцэнар. Бо ўсе іншыя, якія сёння любяць абмяркоўваць нібыта палітолагі, палацавы пераварот, яшчэ нейкае зрынанне. Але гэта не развязанне, гэта не выйсце. Я думаю, сёння пратэстны патэнцыял загнаны ў турмы, але рэсурсаў у гэтага рэжыму ўсё менш і менш. Мусіць, самы цяжкі сёння момант у гісторыі Беларусі для народа, для асобы, для культуры, для мовы. Гэта, ведаеце, калі нырцуеш і не такая вялікая глыбіня, ужо ёсць магчымасць адпіхнуцца ад дна і відаць, дзе можна адпіхнуцца. Я думаю, неўзабаве гэта здарыцца.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках