26 лютага 2024, панядзелак, 21:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэзідэнтка Еўрапарламента: Мы заклікаем МКС выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі

53
Прэзідэнтка Еўрапарламента: Мы заклікаем МКС выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі
Рабэрта Метсола

Рабэрта Метсола дала эксклюзіўнае інтэрв'ю сайту Charter97.org.

Ці будзе Брусэль дамагацца прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі і ягоных памагатых? Ці гатовы Еўразвяз увесці эканамічнае эмбарга ў дачыненні да беларускага рэжыму? Ці чакаюць Беларусь у ЕЗ?

Пра гэта і не толькі ў эксклюзіўным інтэрв'ю сайту Charter97.org распавяла прэзідэнтка Еўрапейскага парламента Рабэрта Метсола.

- Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, у якой заклікае Міжнародны крымінальны суд выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі. У Брусэлі сёння разглядаюць беларускага дыктатара як злачынцу?

- Еўрапейскія інстытуты аднадушна асудзілі беларускі рэжым і яго лідара Лукашэнку за абуральныя парушэнні правоў чалавека. ЕЗ непахісны ў сваёй салідарнасці з беларускім народам. І неабходна нарошчваць нашы намаганні.

У Еўрапейскім парламенце мы метадычна працуем над тым, каб барацьба беларускага народа заставалася на парадку дня. Лукашэнка ўзмацняе рэпрэсіі. Яго рэжым бязлітасна пераследуе палітычных апанентаў, незалежныя СМІ, няўрадавыя арганізацыі і прафзвязы, скрыўляючы судовыя разборы і груба парушаючы правы чалавека.

Еўрапейскі парламент неаднаразова і гучна асуджаў гэтыя дзеянні ў шматлікіх рэзалюцыях, і мы працягнем узаемадзеянне з беларускай дэмакратычнай апазіцыяй.

Мы не дапусцім, каб гэтае пытанне адышло на задні план.

- Ці будзе Брусэль дамагацца прыцягнення да адказнасці асяроддзя Лукашэнкі, сілавікоў, суддзяў, якія маюць дачыненне да злачынстваў супраць чалавечнасці?

- Рэпрэсіі, якія чыняцца рэжымам Лукашэнкі, раўназначныя злачынствам супраць чалавечнасці. Гэта гаворым не толькі мы, гэта заявіў і Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека.

Учыненыя злачынствы павінны быць расследаваныя і разгледжаныя ў судовым парадку.

Таксама неабходна прыняць меры ў дачыненні да незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны ў так званыя аздараўленчыя лагеры ў Беларусі з мэтай русіфікацыі і індактрынацыі.

Міжнародны крымінальны суд ужо выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна і Марыі Львовай-Бяловай (упаўнаважаная Пуціна ў правах дзіцяці ў РФ - заўв. Charter97.org). Але мы працягваем заклікаць Суд выдаць аналагічны ордэр на арышт Лукашэнкі і дамагаемся пашырэння спісу асоб, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЕЗ. Усе беларусы, якія садзейнічалі дэпартацыям, павінны быць прыцягнуты да адказнасці.

- Беларусь ператварылася ў кантрабандны хаб, праз які Расея абыходзіць санкцыі ЕЗ. Ці разглядае Брусэль сінхранізацыю санкцый супраць пуцінскага і лукашэнкаўскага рэжымаў, каб закрыць усе шчыліны для абыходу санкцый?

- Еўразвяз устурбаваны абыходам санкцый. Мы прынялі 11 пакетаў санкцый супраць Расеі пасля яе незаконнага ўварвання ва Украіну. Але мы бачым шчыліны, і важна зрабіць усё магчымае, каб не было абыходу санкцый. Для гэтага нам патрэбная эфектыўная імплементацыя. Мы абавязаныя забяспечыць, каб санкцыі адпавядалі свайму прызначэнню.

З гэтай прычыны ў жніўні 2023 года Рада ЕЗ прыняла дадатковыя абмежавальныя меры ў дачыненні да Беларусі. У іх лік уваходзяць санкцыі ўвогуле супраць 233 фізічных і 37 юрыдычных асоб, гандлёвыя абмежаванні, забарона на выкарыстанне сістэмы SWIFT для пяці беларускіх банкаў, а таксама забарона на аперацыі з Нацыянальным банкам Беларусі.

Мы працягнем сачыць за выкананнем усіх санкцый, каб вызначыць, ці не ўзнікаюць новыя шчыліны, каб працягваць ціск на Маскву і Менск.

- Адна з нядаўніх прапаноў дэмакратычных сіл - гандлёвае эмбарга ў дачыненні да Беларусі. Ці можа ЕЗ пайсці на больш рашучыя меры ў дачыненні да рэжыму ў Менску?

- Пакуль Лукашэнка працягвае рэпрэсіі супраць беларускага народа і спрыяе злачынствам Пуціна, увесь гэты час адказ ЕЗ будзе заставацца адзіным і рашучым. Мы прадоўжым ціск, новыя захады будуць разгледжаныя па меры неабходнасці.

Самае галоўнае, мы працягнем цалкам падтрымліваць беларускі народ у яго законным закліку да дэмакратыі, свабоды і міру.

- Беларускія дыпмісіі спынілі выдачу пашпартоў і іншых дакументаў беларусам за мяжой - гаворка ідзе пра тысячы чалавек. Калі пакінуць у баку сумнеўныя з юрыдычнага пункту гледжання заклікі да ўвядзення "новага пашпарта", ці існуе пастанова на ўзроўні ЕЗ, якая забяспечвае законнае знаходжанне і падарожжы для людзей, у якіх неўзабаве заканчваецца тэрмін дзеяння беларускіх дакументаў?

- Гэта яшчэ адзін прыклад уразлівасці Лукашэнкі, які выкарыстоўвае прыгнёт у дачыненні да сваіх [суайчыннікаў], якія пражываюць за мяжой. Прымушаючы іх вярнуцца ў Беларусь для падаўжэння пашпарта, рэжым стварае сабе магчымасць выстаўленні фальшывых абвінавачанняў.

Гэта абсалютна непрымальна, і ЕЗ рашуча асуджае тактыку Лукашэнкі ў маніпуляцыі беларусамі, якія жывуць за мяжой з мэтай мець магчымасць пасля прыцягнуць іх да адказнасці.

Цяпер ЕЗ вывучае, якім чынам пашпартная палітыка Лукашэнкі закранае беларускіх грамадзян, якія жывуць у ЕЗ. Мы хочам ім дапамагчы. Некаторыя дзяржавы-чальцы ЕЗ, такія як Польшча, Нямеччына і Літва, ужо знайшлі выйсце, якое дазваляе беларусам бесперашкоднае перамяшчэнне.

- Сёння Брусэль сур'ёзна разглядае выдачу права на ўступленне ў ЕЗ Украіне і Малдове. Ці будуць адчыненыя дзверы Еўропы для Беларусі?

- Кожная еўрапейская дзяржава, якая паважае каштоўнасці чалавечай годнасці, свабоды, дэмакратыі, роўнасці, вяршэнства закона і захавання правоў чалавека, можа падаць заяўку на ўступленне ў Звяз. Гэта прапісана ў дамовах ЕЗ.

Гэта азначае, што нашы дзверы адчыненыя для ўсіх тых, хто разглядае Еўропу як свой дом, у тым ліку, вядома ж, і Беларусь, калі яна стане дэмакратычнай, свабоднай і незалежнай. Да таго часу мы працягнем падтрымліваць беларускую дэмакратычную апазіцыю і асуджаць рэпрэсіўны рэжым Лукашэнкі.

- Што б вы сказалі беларусам, якія працягваюць барацьбу за свабоду і еўрапейскую будучыню іх краіны?

- Мы з вамі. Мы з усімі тымі адважнымі беларусамі, якія прынеслі ў ахвяру так шмат на сваім шляху да дэмакратыі. Нягледзячы ні на якія перашкоды, Еўрапейскі парламент глыбока адданы таму, каб вас падтрымліваць. Няма больш праведнай мэты, чым імкненне да свабоды. Вы можаце быць упэўнены, што ў Доме еўрапейскай дэмакратыі ў вас заўсёды будзе шчыры партнёр і сябра.

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках