Гурт «Антитіла» ашаламіў сумай, якую сабраў для УСУ
2- 31.10.2023, 20:51
- 13,442
Рэкорд сярод украінскіх артыстаў.
Украінскі гурт «Антитіла» ашаламіў сумай, якую сабраў для УСУ падчас сусветнага туру ў ЗША і Канадзе, піша «Новое время».
Цяпер прадаўжаецца сусветны тур гурта, мэта якога – сабраць паўмільёна даляраў для набыцця 10 тысячаў ваенных аптэчак IFAK. Толькі ў ЗША і Канадзе музыкі супольна з партнёрамі, фондам United Help Ukraine, здолелі сабраць больш за палову ад запланаванай сумы. Гэта абсалютны рэкорд дабрачынных збораў у ЗША і Канадзе сярод украінскіх артыстаў.
Характэрна, што гэты сусветны дабрачынны тур – першыя маштабныя гастролі гурта пасля вываду загадам Валерыя Залужнага музыкаў Тараса Таполі, Сяргея Вусіка і Дзмітрыя Жолудзя з фронту, дзе з пачатку поўнамаштабнага ўварвання музыкі служылі ў складзе 130 Батальёна ТРА, абараняючы Кіеў, а потым Харкаў ад акупантаў.
Перад канцэртам гурт выстаўляе на аўкцыён эксклюзіўныя лоты, якія музыкі прывезлі ў ЗША, Канаду і Еўропу. Толькі ў ЗША было згуляна 14 унікальных лотаў, сярод якіх – калекцыйныя купюры, маркі і сцягі падпісаныя Галоўным камандавальнікам Валерыем Залужным.
Фонд гурта «Антитіла», а таксама фонд United Help Ukraine ужо пачалі набыццё камплектавальнікаў для першай партыі ваенных аптэчак IFAK. Змест аптэчкі і якасць камплектавальнікаў кантралюецца асабіста ўдзельнікамі групы «Антитіла».
«Мы дзякуем усім украінцам і амерыканцам, якія прыходзілі на нашы канцэрты, удзельнічалі ў аўкцыёнах і данацілі. Часам стваралася ўражанне, што ў зале ўвогуле палова замежнікаў, якія прыйшлі падтрымаць нас, нават не ведаючы ўкраінскай мовы. Да прыкладу, на нашым канцэрце ў Сан-Францыска ўладальнік залы, у якой мы выступалі, калі пачуў нашу гісторыю і мэту – заданаціў 16 690 амерыканскіх даляраў для ўкраінскіх Герояў. А ў Чыкага нашы ўкраінскія прадпрымальнікі паставілі рэкордную стаўку – 20000 даляраў за берэт дэсантніка, які потым яму і вярнулі. Гэта дзівосныя гісторыі. Дзякуй усім за давер», – кажуць музыкі.
«Антитіла» прадаўжаюць збор на 500 тыс. даляраў у межах туру. Наступныя канцэрты гурта пройдуць у Гішпаніі, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Ірландыі і Вялікай Брытаніі.