27 лiпеня 2024, Субота, 2:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускім ІТ-спецыялістам масава рассылаюць позвы

12
Беларускім ІТ-спецыялістам масава рассылаюць позвы

Ім прапануюць зноўку прайсці медкамісію.

Беларусам прыходзяць позвы з прапановай паўторна прайсці медыцынскую камісію. Сваімі гісторыямі з devby.io падзяліліся некалькі IT-адмыслоўцаў.

Усе імёны ў матэрыяле змененыя.

25-гадоваму Васілю позва прыйшла яшчэ напрыканцы ліпеня. Проста на працу ў IT-кампанію. Да гэтага тэлефанавалі на мабільны, але ён не паднімаў слухаўку (маладзён тлумачыць, што ў прынцыпе не мае стасункаў з тымі, хто тэлефануе з незнаёмых нумароў, вынятак робіць, толькі калі чакае кур'ера).

- Паклікалі прайсці медыцынскі пераагляд. Хаця яшчэ два гады таму мне далі «ваеннік»: у графе, дзе звычайна ставяць дату наступнай паўторнай медкамісіі (у залежнасці ад дыягназу), было напісана «без пераагляду». Я быў прызнаны непрыдатным да службы ў мірны час праз высокую міяпію (блізарукасць) -6,5 на абодва вокі.

Я спакойна пайшоў, бо думаў, што буду непрыдатны па здароўі. Але выявілася, што цяпер я прыдатны пры -7. Неўзабаве забяруць служыць.

На пытанне, ці пойдзе Васіль служыць у войска, ён адказвае сцвярджальна.

— Ёсць шэраг рэчаў, якія вышэй за мяне, і каб рэалізаваць свае планы ў будучыні, на жаль, я не буду ўцякаць.

Пры гэтым маладзён упэўнены: на яго здароўі служба ў войску наўрад ці адаб'ецца станоўча (праблемы, праз якія раней ён не быў прыдатны, не зніклі), на яго працы - таксама. Цяпер ён на бенчы і баіцца, што праз год яму складана будзе працаўладкавацца.

27-гадовы (на момант атрымання позвы яму было 26) Зміцер паведамляе, што позва прыйшла па месцы прапіскі. Блізу пяці гадоў таму маладзён прайшоў медкамісію - зафіксавалі скаліёз і кіфоз трэцяй ступені.

- У мінулы раз лекар казаў, што са скаліёзам, як у мяне, служыць можна, але з кіфозам - не. Я наважыў зверыцца з інструкцыяй, раптам нешта змянілася. І трэба ж - я прыдатны. А спіна чамусьці баліць, вось няўдача.

Суразмоўца кажа, што ўзяў вялікі водпуск — і паехаў адпачыць, а заадно адсвяткаваць 27-годдзе на моры. На медкамісію па вяртанні ён не хадзіў.

Devby.io таксама напісалі два чытачы, якія не падпадаюць пад набор на тэрміновую службу. Іх паклікалі на зверку звестак.

25-гадовы Вячаслаў (у званні яфрэйтара пасля тэрміновай службы) распавёў, што яму на працу патэлефанавалі з вайсковага камісарыяту яшчэ ў дваццатых чыслах верасня.

- Як мне потым растлумачылі, мяне папрасілі прыехаць у канкрэтны дзень да 9.00 з вайсковым білетам - але гэта, тыпу, не зборы, а «нейкія заняткі».

Так супала, што Вячаслаў таксама быў у адпачынку, таму імпрэзу прапусціў. Ён кажа, што працягу гісторыя пакуль не атрымала - яму не тэлефанавалі, позваў больш не дасылалі.

47-гадовы Леў (афіцэр запасу пасля вайсковай кафедры, у войску ніколі не служыў) паведаміў, што яму таксама прыйшла днямі позва з патрабаваннем з'явіцца «для зверкі звестак». Такая ж паперка прыходзіла і паўгода, і год таму, але ў гэтай, у адрозненне ад папярэдніх, «былі пералічаныя дакументы, якія трэба прынесці». На жаль, даведацца, ці хадзіў ён на зверку, не ўдалося - ён больш не адказвае.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках