2 лiстапада 2024, Субота, 5:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы высветлілі, як вуркочуць свойскія каты

Навукоўцы высветлілі, як вуркочуць свойскія каты

Хатнія гадаванцы вуркочуць дзякуючы спецыяльным падушачкам.

Міжнародная група навукоўцаў з Аўстрыі, Швэйцарыі і Чэхіі раскрыла таямніцу муркання катоў. Яны прыйшлі да высновы, што гадаванцы вуркочуць дзякуючы спецыяльным падушачкам з злучальнай тканкі, убудаваным у галасавыя звязкі жывёлаў. Даследаванне апублікаванае ў навуковым часопісе Current Biology.

Адмыслоўцы доўгі час не маглі зразумець, як у катоў атрымоўваецца вырабляць характэрнае нізкае вуркатанне, паколькі нізкачастотныя гукі звычайна выдаюць буйнейшыя жывёлы з доўгімі галасавымі звязкамі.

Новае адкрыццё паказала, што кацінае вуркатанне можа быць пасіўным аэрадынамічным эфектам, які аўтаматычна прадаўжаецца пасля таго, як мозг пасылае ініцыявальны сігнал. Гэта значыць, што ўлюбёнцам не трэба ўвесь час скарачаць звязкі, каб вуркатаць.

«Гэтыя нізкачастотныя вібрацыі галасавых звязкаў уключаюць адмысловы галасавы рэжым з незвычайна доўгім закрытым каэфіцыентам», – пішуць даследнікі ў артыкуле.

Вуркатальныя падушачкі складаюцца з калагенавых і эластынавых валокнаў. Доследы паказалі, што гэтыя маленькія (да 4 мм у дыяметры) утварэнні здольныя выдаваць вуркатанне ў выніку самападтрымных ваганняў галасавых звязкаў. Для вуркатанне котцы даволі проста дыхаць.

«Хоць нашы звесткі не цалкам адпрэчваюць гіпотэзу пра актыўнае цягліцавае скарачэнне, якое выклікае варкатанне, яны паказваюць, што гартань коткі можа лёгка вырабляць гукі ў рэжыме вуркатання з асноўнымі частотамі ад 25 да 30 Гц без нервовага ўздзеяння», – адзначылі даследнікі.

Прычына, чаму каты вуркочуць, застаецца загадкай. Некаторыя тэорыі мяркуюць, што вуркатанне паказвае на задаволенасць і заахвочвае далейшае ўзаемадзеянне з людзьмі. Даследаванні таксама паказваюць, што вуркатанне можа быць лекавым механізмам.

Даследаванне можа прывесці да новага разумення ролі вуркатання ў здароўі і дабрабыце катоў. Гэта дапаможа навукоўцам распрацаваць новыя тэхналогіі, якія імітуюць вуркатлівы гук, напрыклад заспакаяльныя прылады для катоў ці нават новыя метады палягчэння болю і непакою.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках