6 траўня 2024, панядзелак, 18:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Украінскі дыпламат: ЗША паслалі сігнал ворагам Ізраіля

7
Украінскі дыпламат: ЗША паслалі сігнал ворагам Ізраіля
АЛЯКСАНДР ХАРА

Ці дойдзе да вялікай вайны на Блізкім Усходзе?

7 кастрычніка, у дзень 50-годдзя пачатку вайны Суднага дня, Ізраіль падпаў пад маштабны разнастайны тэрарыстычны напад з боку палестынскіх ваеўнікоў.

Пасля маштабных ракетных удараў па тэрыторыі Ізраіля, шматлікіх забітых і параненых цывільных асоб, кадраў з захопленымі ў палон і забітымі ізраільскімі вайскоўцамі, з цел якіх здзекуюцца ваеўнікі ХАМАС, ізраільскі міністр абароны заявіў, што Ізраілю абвясцілі вайну.

Наколькі самастойным у гэтых дзеяннях быў ХАМАС? Якую дапамогу яму мог даць Іран? Пра гэта сайт Chаrter97.org пагаварыў з украінскім дыпламатам, палітолагам, экспертам фонду "Майдан замежных спраў" Аляксандрам Харам:

- Відавочна, што ХАМАС і "Хезбалаг" з'яўляюцца такімі групамі, якія называюць "проксі", яны фундуюцца і выконваюць функцыі іншых дзяржаў, адпаведна, не тых людзей, з якіх складаюцца.

Аб ступені ўцягнутасці Ірана на гэты момант яшчэ складана сказаць. Я чытаў учора артыкул Wall Street Journal, у якім якраз гаварылася пра тое, што былі сустрэчы ў Лібане, а гэтая атака была спланаваная з іранскімі вайскоўцамі. Калі гэта пацвердзіцца, вядома, гэта можа выклікаць вялікі рэгіянальны канфлікт, наступствы якога паўплываюць не толькі на рэгіён, але і на ўвесь свет, улічваючы надзвычайную важнасць рэгіёна з пункту гледжання энэргетычных рэсурсаў і гэтак далей. Таму тое, што цяпер адбываецца, адназначна не з'яўляецца ініцыятывай нейкай колькасці экстрэмістаў.

Спланаваць такі складаны напад саматугам немагчыма, я ўжо не кажу пра ўзбраенне і яго колькасць. Уявіце сабе тую колькасць ракет (называюць блізу пяць тысяч), якая была неўзаметку дастаўленая на тэрыторыю, кантраляваную ізраільцянамі. Таму адназначна замежная дапамога была. Ці быў там Іран і ў якой меры, ці былі іншыя гульцы, пакуль сказаць немагчыма.

Ні для каго не сакрэт, што Расейская Федэрацыя падтрымлівае тэрарыстычныя арганізацыі, як гэта раней рабіў Савецкі Саюз. Ізноў жа, ступень уцягвання Крамля ў гэта пакуль што складана ацаніць. Хоць мы бачылі, як іранскае кіраўніцтва падбадзёрыла тэрарыстаў, расейскае нібыта заклікала да спынення агню і гэтак далей і да таго падобнае. Асуджэння варварства, якое мы бачылі, не было. Таму гэта таксама дастаткова, скажам так, яскравае вызначэнне, яскравая характарыстыка гэтым двум рэжымам — расейскаму ды іранскаму.

- Ці ёсць магчымасць таго, што дойдзе да баявых сутыкненняў паміж Іранам і Ізраілем?

- Я думаю, што гэтага нельга выключаць. Трэба разумець, што падзеі для Ізраіля маштабамі не меншыя, чым 11 верасня (сэрыя з чатырох каардынаваных тэрарыстычных актаў, учыненых у Злучаных Штатах Амэрыкі чальцамі тэрарыстычнай арганізацыі "Аль-Кайда" — рэдакцыя). Cпецслужбы не прадухілілі такі напад і толькі цяпер, цаной гераізму і вялікай колькасці жыццяў, спрабуюць нармалізаваць сітуацыю.

Можна сабе ўявіць, у якім становішчы знаходзіцца прэм'ер-міністр Ізраіля. Нэтаньягу будзе адказваць у палітычным плане перад сваімі апанентамі і перад ізраільцянамі за такую хібу і за тое, што, наколькі вядома са сродкаў масавай інфармацыі, фактычна большая частка баяздольных сіл знаходзілася ў іншым месцы, не там, адкуль пачаліся атакі. Гэтыя пытанні будуць задавацца і, адпаведна, каб адказаць на іх, зазвычай палітыкі спрабуюць зрабіць нейкія дастаткова моцныя крокі.

Не выключана, што нешта будзе зроблена і ў дачыненні да Ірана. Вядома, гэта не ў інтарэсах ні Ізраіля, ні нас. Для Украіны такая рэгіянальная вайна азначае адцягненне ўвагі, што дасць большую волю для дзеянняў Пуціну. А для рэгіёна гэта азначае вялікую крывавую вайну, да якой ланцужкамі прылучацца іншыя дзяржавы.

Хаця гэты раз сітуацыя выглядае адназначна лепш, чым 50 гадоў таму падчас Ём Кіпура (6 кастрычніка 1973 года войскі Егіпта і Сірыі сінхронна ўварваліся ў Ізраіль — рэдакцыя). Ізраіль тады фактычна быў адзін, а ўсё арабскае наваколле было супраць яго. Цяпер сітуацыя іншая — і Егіпет сябе стрымана паводзіць, тыя ж самыя Аб'яднаныя Арабскія Эміраты асудзілі гэтыя тэрарыстычныя акты. Адназначна, што ёсць і іншыя дзяржавы, якія маглі б падтрымаць Ізраіль. Цяпер можна паглядзець на рэакцыю Турцыі і Азербайджана, ён крыху далей знаходзіцца, але Анкара — дастаткова важны гулец. Адназначна, што яны не падтрымліваюць, скажам так, проксі-сілы Ірана. Бо Тэгеран з'яўляецца пагрозай для іх, яны будуць на баку Ізраіля. Але ў кожным выпадку такі канфлікт абернецца бядой для рэгіёна і для нас усіх.

- Як будуць рэагаваць ЗША?

- Злучаныя Штаты Амэрыкі паслалі туды сваю авіяносную групу. Адназначна, што прычынай гэтага з'яўляецца сігнал, каб якраз не рабілі глупстваў ворагі Ізраіля. Злучаным Штатам не хочацца ўлазіць у вялікі канфлікт. Калі мы паглядзім на ўнутраны палітычны стан у Вашынгтоне, то цяпер сапраўды не час для такой вайны.

Хаця 90% палітыкаў (ад дастаткова левых дэмакратаў да ультраправых рэспубліканцаў) кажуць, што Ізраіль трэба падтрымліваць. Але цяпер адназначна не час для такой вайны, Злучаным Штатам яна не патрэбная, яны будуць спрабаваць яе прадухіліць.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках