Звычайны візіт у краму ў Берасці скончыўся для беларускі траўмай
3- 10.11.2023, 12:15
- 7,712
Яна аднаўлялася чатыры месяцы.
Здарэнне адбылося 29 ліпеня, піша kamenec.by. Таццяна збіралася ехаць пасля выходных у Берасце - уладкоўвацца на працу пасля паспяховага праходжання стажыроўкі, але надумала напярэдадні ўвечары збегаць у краму па прадукты для дзяцей. Паколькі на двары было лета, дзяўчына абулася ў лёгкія сланцы. Паклаўшы неабходныя тавары на стужку, яна ўспомніла, што забылася пра масла. Касірка параіла збегаць па яго да бліжэйшай лядоўні. Там усё і адбылося.
Таццяна падышла да лядоўні, узяла масла, павярнулася, каб вярнуцца да касы, - і раптам востры боль маланкай працяў ёй нагу. Да падлогі каля лядоўні было замацавана нешта накшталт тонкага металічнага кораба для электраправодкі, і пакупніца зачапілася пад'ёмам ступні за востры кут.
Рану перавязалі відавочцы, і спадарыня так-сяк дабралася да дому. Туды ж выклікала хуткую, яе прывезлі ў Камянец, дзе хірург дыягнаставаў ірваную рану левай ступні і наклаў пяць швоў. Вярнуўшыся дадому, Таццяна звязалася з дырэктарам крамы і сказала, што будзе патрабаваць кампенсацыю. Ёй прапанавалі 400 рублёў, але яна не пагадзілася.
На пяты дзень пасля інцыдэнту нага апухла і стала сінець: у рану патрапіла інфекцыя. Пацярпелая звярнулася ў лякарню, потым зноў і зноў. Паколькі на грамадскім транспарце з такой траўмай ездзіць было праблематычна, жанчына карысталася паслугамі таксі. Лекі таксама купляліся са сваёй кішэні.
Адначасова лекар прызначыў антыбіётыкі для лячэння нагі і выклікаў хірурга. Першая кансультацыя выклікала шок: лкары меркавалі, што пашкоджаныя тканкі вакол раны давядзецца выдаляць, а потым рабіць перасадку скуры. Але антыбіётыкі выратавалі сітуацыю. Нага ўсё яшчэ баліць, працаваць з ёй немагчыма, а дома яшчэ двое дзяцей, з якімі мець спакой, мякка кажучы, складана.
Амаль адразу пасля траўмы ў краме Таццяна напісала заяву ў міліцыю з просьбай правесці праверку. Па выніках была вынесеная пастанова аб адмове ў ўзбуджэнні распачынанні справы, бо цялесныя пашкоджанні яна атрымала самастойна. Тады ж была прызначаная судова-медыцынская экспэртыза. Як высветлілася, рана, з якой гераіня важдалася чатыры месяцы, належыць да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджанняў па прыкмеце "кароткачасовы разлад здароўя".
Юрыстка Жанна Курысюк мяркуе, што, абапіраючыся на гэтую выснову, можна прасіць пракуратуру раёна скасаваць пастанову аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы, накіраваць справу на паўторную праверку і прызначыць дадатковую медэкспертызу для дачы высновы аб характары цялесных пашкоджанняў з улікам працягласці разладу здароўя.
Сама Таццяна настроеная рашуча і мае намер патрабаваць з уладальніка крамы кампенсацыю за ўсё, што ёй прыйшлося вынесці.