Палітолаг: Захад павінен паставіць Лукашэнку на месца
10- 2.11.2023, 21:10
- 22,070

Беларускі рэжым можа нарвацца на прэвентыўныя захады.
Намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі Беларусі Павел Муравейка пагражае «прасекчы жыццёва важны калідор» праз Літву з дапамогай зброі, каб атрымаць доступ да транзіту тавараў.
Сайт Charter97.org папрасіў пракаментаваць заяву Муравейкі славацкага палітолага і прэзідэнта Інстытута грамадскіх праблем (IVO) (Браціслава) Рыгора Месежнікава:
- Змест гэтай заявы сведчыць аб тым, што яна зробленая неадэкватным, адарваным ад рэальнасці чалавекам. Як можна прасякаць нейкі калідор для транзіту тавараў? Гэта нейкае трызненне. Калі б Захад сур'ёзна ўспрымаў сказанае Муравейкам, яны ўжо павінны былі б падрыхтавацца да нападу. Магчыма, зрабіць прэвентыўныя крокі.
За гэтым можа стаяць фрустрацыя, нездаволенасць ад той сітуацыі, у якую патрапіла Беларусь пад кіраваннем дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі. Ім сапраўды трэба нейкім чынам развязваць сітуацыю, створаную іх рэпрэсіўнай палітыкай і дачыненнямі з заходнімі краінамі, а таксама хаўрусніцтвам з РФ. Гэта ўсё агулам не дазваляе Беларусі развівацца як нармальнай дзяржаве.
Праблемы рэжыму прыносяць і санкцыі, таму яны і выступаюць з такімі жахлівымі, абсалютна вар'яцкімі ідэямі.
- Захоўваецца ваенная небяспека для краін Еўропы з боку рэжыму Лукашэнкі?
- Ён ужо сябе паказаў у якасці, перш за ўсё, расейскага інструмента пранікнення ў Еўропу. Маю на ўвазе тое, што адбываецца на мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой, яшчэ да пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне, калі Лукашэнка быў часткай гульні на паслабленне Захаду.
Ваенную ж пагрозу ён можа ўяўляць толькі ў тым выпадку, калі стане часткай ваенных дзеянняў менавіта РФ. Пакуль жа патэнцыял Захаду не дазваляе Расеі напоўніцу разгуляцца на гэтай прасторы.
Як самастойны вайскова-палітычны актор, думаю, што Лукашэнка пагрозы не ўяўляе. Калі раптам у Крамлі надумаюць, што час пачынаць больш маштабныя дзеянні, упэўнены, што Беларусь яны будуць выкарыстоўваць у якасці плацдарму.
З боку Лукашэнкі, вядома ж, гэта будзе чарговай здрадай нацыянальным інтарэсам беларускага народа і Беларусі як самастойнай дзяржавы. Гэтым самым ён паставіў бы пад пагрозу само існаванне беларускай дзяржавы.
- Улічваючы такія заявы Савета бяспекі Беларусі, якім павінен быць адказ краін Захаду?
- Краіны Захаду павінны паставіць на месца людзей такога тыпу. Дыпламатычныя крокі ў адказ былі зробленыя.
Падкрэслю, што Захад вельмі пільна сочыць за сітуацыяй на тэрыторыі Беларусі, адсочвае ўсе заявы. Калі б яны сапраўды спрабавалі прасекчы нейкі калідор для праходжання тавараў, гэта проста выйшла б за ўсе адэкватныя рамкі. Наступствы былі б вельмі непрыемныя для самога беларускага рэжыму.