27 лiпеня 2024, Субота, 3:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Крэмль запатрабаваў ад губернатараў любым коштам спыніць мітынгі жонак мабілізаваных

22
Крэмль запатрабаваў ад губернатараў любым коштам спыніць мітынгі жонак мабілізаваных

Сітуацыя ў расейскім грамадстве абвастраецца.

Адміністрацыя прэзідэнта РФ правяла семінар для прадстаўнікоў рэгіянальных выбаркамаў і віцэ-губернатараў пра ўнутраную палітыку. Ім указалі на тэмы, якімі могуць скарыстацца «замежныя нядобразычліўцы» для дэстабілізацыі сітуацыі ў Расеі перад выбарамі кіраўніка дзяржавы. Так, да чыннікаў рызыкі былі аднесеныя настроі жанчынаў, чые блізкія знаходзяцца на вайне ва Украіне, піша «Коммерсант».

У Крамлі запатрабавалі ад рэгіянальных уладаў быць са сваякамі мабілізаваных «у кантакце»: зважаць на агучаныя імі праблемы і дапамагаць іх развязанню, расказаў суразмоўца выдання.

Паводле ягоных словаў, у цэлым перадвыбарная кампанія павінна мець «псіхатэрапеўтычны характар» для расейцаў, якія «стаміліся» ад вайны, таму іх ні ў якім разе нельга «накручваць». Наадварот, уладам на месцах варта «супакойваць» выбарнікаў: людзі чакаюць, калі скончацца баявыя дзеянні, таму важна паказаць, што іх звычайнаму жыццю «нішто не пагражае», а ў краіны ёсць «зразумелая будучыня», патлумачыла крыніца.

Суразмоўцы The Insider у адной з рэгіянальных адміністрацый пацвердзілі, што «праца» з жонкамі мабілізаваных выйшла на першы план – губернатарам увесь час нагадваюць у адміністрацыі прэзідэнта пра недапушчальнасць мітынгаў на тэму вяртання рэзервістаў з вайны ва Украіне. «Стаіць задача любым коштам купіраваць знешні пратэст. Угаворваць, абяцаць, плаціць. Што заўгодна, абы гэта не выйшла на вуліцу, у любой колькасці, нават 50 чалавек», – адзначыла крыніца.

За апошнія некалькі тыдняў сваячкі мабілізаваных у буйных гарадах Расеі спрабавалі правесці акцыі з патрабаваннем вяртання і ратацыі рэзервістаў. Заяўкі на мітынгі былі пададзеныя ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Новасібірску, Краснаярску і Чэлябінску, аднак усюды ўлады адмовіліся іх узгадніць, спаслаўшыся на «антыкавідныя» абмежаванні.

Пасля гэтага ў Маскве блізу 20 жанчынаў прыйшлі з плакатамі «Мабілізаваным час дадому» і «Не бестэрміновай мабілізацыі» на мітынг КПРФ, прысвечаны гадавіне Кастрычніцкай рэвалюцыі. Праз некалькі хвілінаў іх акружылі паліцыянты і запатрабавалі спыніць акцыю не на тэму, аднак да затрыманняў справа не дайшла.

У Краснаярску памочніца мясцовага дэпутата ад «Адзінай Расеі» захапіла чат у Telegram, дзе размаўлялі жонкі мабілізаваных жыхароў рэгіёну і абмяркоўваўся магчымы мітынг. Яна выдаліла ўсіх, хто выступаў за правядзенне акцыі, а пасля некаторым былым удзельніцам гутаркі пачалі тэлефанаваць з праваахоўных органаў.

У Новасібірску ўлады адмовіліся ўзгадніць мітынг, аднак пагадзіліся на закрытую сустрэчу са сваякамі мабілізаваных. Пасля мерапрыемства намеснік старшыні ўраду Новасібірскай вобласці Андрэй Клюзаў даў справаздачу пра «змястоўную размову». Самі арганізатары падводзіць вынікі адмовіліся, а толькі заявілі, што «пачалася канструктыўная індывідуальная праца датычна кожнай сітуацыі».

Сваякі мабілізаваных пачалі масава патрабаваць іх вяртання дадому ў верасні, амаль праз год пасля ўказа прэзідэнта Уладзіміра Пуціна пра мабілізацыю рэзервістаў на вайну ва Украіне. Тады, паводле звестак кіраўніка Мінабароны Сяргея Шайгу, на фронт забралі больш за 300 тысячаў чалавек.

У адказ на гэтыя патрабаванні старшыня камітэта Дзярждумы ў абароне Андрэй Картапалаў заявіў, што мабілізаваныя не пакінуць зону баявых дзеянняў да заканчэння вайны і ніякая ратацыя для іх не прадугледжаная. Адзінае, на што яны могуць спадзявацца, – гэта адпачынак пасля кожных шасці месяцаў службы.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках