26 лютага 2024, панядзелак, 21:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выкраданне ўкраінскіх дзяцей: Лукашэнка можа атрымаць нечаканы ўдар

15
Выкраданне ўкраінскіх дзяцей: Лукашэнка можа атрымаць нечаканы ўдар
Александр Хара
Фото: Facebook

Дыпламат расказаў, чаму Дзярждэп ЗША загаварыў аб злачынствах беларускага рэжыму.

Тэма выкрадання рэжымам Лукашэнкі ўкраінскіх дзяцей выйшла на новы ўзровень. Гэтым разам прадстаўнік Дзярждэпа ЗША Мэцью Мілер пракаментаваў справаздачу экспэртаў Ельскага ўніверсітэта, у якім гаворыцца аб выкраданні 2400 дзяцей з Украіны ва ўзросце ад шасці да 17 гадоў.

Ці набліжае гэтую заяву выдачу ордэру на арышт Лукашэнкі? Пра гэта сайт Chаrter97.org пагаварыў з украінскім дыпламатам, палітолагам, экспэртам фонду "Майдан замежных спраў" Аляксандрам Харай:

- Спадзяюся, што гэта будзе дадатковым аргументам для Міжнароднага крымінальнага суда, каб акрамя Пуціна і Львовай-Бяловай ўключыць яшчэ аднаго ваеннага злачынцу ў спіс людзей, якія адшукваюцца. Ён таксама павінен паўстаць перад Фемідай.

Ведаеце, дзеці - дастаткова зразумелая катэгорыя для каго хочаш, паколькі дагэтуль некаторыя палітыкі не лічаць, што расейская агрэсія супраць Украіны з'яўляецца чымсьці дрэнным. Хтосьці верыць у тое, што гэта было "справакавана Захадам" і гэтак далей.

Калі ж справа тычыцца дзяцей, то тут усё абсалютна дакладна і зразумела: незаконнае перамяшчэнне дзяцей на тэрыторыю іншай дзяржавы - злачынства. Ёсць дастаткова шмат фактаў аб тым, што ўкраінскія дзеці зазнаюць прамыванне мазгоў, незаконна ўсынаўляюцца расейцамі, іх адпраўляюць у далёкія рэгіёны РФ. Гэта элемэнт каланіяльнай палітыкі.

Відавочна, што Лукашэнка з пункту гледжання міжнароднага права з'яўляецца злачынцам, бо ён - суўдзельнік агрэсіі як і Пуцін, і РФ. За факт агрэсіі яму яшчэ трэба будзе пачуць абвінавачанне, а наконт дзяцей так атрымалася, што і дыктатар Пуцін, і дыктатар Лукашэнка не саромеюцца прызнавацца ў тым, што чыняць вайсковыя злачынствы ў дачыненні да дзяцей. У сувязі з гэтым ёсць прамыя доказы іх злачынстваў.

Спадзяюся, што будзе дастаткова сабранай інфармацыі аб колькасці дзяцей, аб тым, што з імі адбываецца. Натуральна, што я хацеў бы бачыць ордэр на арышт, а пасля і справядлівую пастанову МКС у дачыненні да Лукашэнкі.

- Прадстаўнік Дзярждэпа асвятліў тэму выкрадання з даволі нечаканага боку. Ён заявіў, што дзеці з Украіны, якія трапляюць у Беларусь, могуць стаць ахвярамі гандлю людзьмі. Ці сапраўды ёсць такая небяспека?

- Такая небяспека ёсць, паколькі ні Расея, ні Беларусі не з'яўляюцца прававымі дэмакратычнымі дзяржавамі, у якіх працуе закон. У гэтых краінах немагчыма справядлівым спосабам развязаць праблемы. Адпаведна, калі ёсць "шэрая зона", дзе няма права, а толькі самавольства, там можна займацца чым хочаш.

Тут варта вылучыць і фактычнае сціранне ідэнтычнасці ўкраінскіх дзяцей. Гэта не меншае злачынства, чым продаж дзіцяці або ўсынаўленне без, скажам так, прававых падстаў.

- Калі Лукашэнка атрымае ордэр на арышт, якія ёсць сцэнары развіцця сітуацыі для яго?

- На жаль, ёсць дзяржавы, якія не з'яўляюцца часткай сістэмы міжнароднага правасуддзя і не прызнаюць гэты ордэр. Таму, напрыклад, у Кітай Лукашэнка можа без боязі паляцець. Але для яго будзе закрытая большая частка цывілізаванага свету. Не толькі развітыя, але і краіны, якія развіваюцца, якія не захочуць пэцкаць сябе, прымаючы такога чалавека.

Парадак дня і ордэр на арышт — гэта юрыдычнае асуджэнне, якое можа быць скарыстанае для таго, каб ціснуць на рэжым.

У выпадку, калі дзяржава ўзначальвае прызнаны міжнародным судом злачынец, то, адпаведна, будзе абмежавана колькасць транзакцый, спраў, якія можна мець з гэтым рэжымам.

Цалкам магчыма, што гэта будзе і нагодай для дадатковых санкцый у дачыненні да тых сфер, якія пакуль нават і не разглядаліся. Бо са злачынцам на чале дзяржавы нешта трэба рабіць. Калі яго нельга пакуль дастаць фізічна і пасадзіць на лаву падсудных у Гаазе, то можна абмяжоўваць ягоную свабоду і магчымасці працягваць кіраваць дзяржавай.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках