1 чэрвеня 2024, Субота, 14:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Кошты будуць расці яшчэ хутчэй, чым цяпер»

2
«Кошты будуць расці яшчэ хутчэй, чым цяпер»

Беларусы ацанілі інфляцыю сёлета.

Вось ужо пяты раз аўтары праекту «Вашы грошы» праводзяць сярод сваіх чытачоў апытанні пра тое, як яны ацэньваюць інфляцыю сёлета і чаго чакаюць ад найбліжэйшай будучыні. Прывядзем вынік чарговага даследавання.

– Мы вымушаныя гэта рабіць таму, што беларускія ўлады ўжо больш за год хаваюць звесткі пра інфляцыйныя чаканні насельніцтва, а яны ж – вельмі важная інфармацыя, якая можа выконваць ролю самазбыўнага прароцтва.

Нагадаем, што Нацбанк перастаў публікаваць на рэгулярнай аснове інфармацыю пра інфляцыйныя чаканні насельніцтва з 2022 года, пры гэтым неаднаразова чыноўнікі прагаворвалі, што гэтыя звесткі прадаўжаюць збіраць, але пры гэтым не ўважаюць за патрэбнае рабіць іх здабыткам шырокай грамадскасці.

Але вернемся да апытанняў. Выбарка, вядома, нерэпрэзентатыўная, але галоўная іх каштоўнасць заключаецца ў тым, што праходзяць яны рэгулярна, сістэмна і дазваляюць выявіць дынаміку. А менавіта дынаміка – змены, якія адбываюцца – і ёсць самае цікавае. Давайце разбірацца.

На першым слайдзе паказана, як, на думку чытачоў, змяніліся кошты за апошнія 12 месяцаў. У чэрвені тых, хто мяркуе, што кошты «выраслі вельмі моцна», было 34%, а ў кастрычніку стала 37%.

Крыху больш стала і беларусаў, якія адказалі, што кошты «выраслі памяркоўна», з 38% у чэрвені да 42% у кастрычніку.

У цэлым жа відаць, што скарачаецца колькасць тых, хто не можа адказаць (усім усё зразумела) і адначасова сярод апытаных зменшылася аптымістаў: тых, што верыў, што кошты «выраслі нязначна», стала 9% (было – 12%), а тых, хто меркаваў, што яны «не змяніліся», засталося ўсяго 2% (у чэрвені – 4%).

Атрымліваецца, што нягледзячы на запэўненні ўраду, што «інфляцыя знаходзіцца на рэкордна нізкіх узроўнях», 79% чытачоў адчувалі сітуацыю зусім інакш.

Вывучаючы другі графік, бачым больш дакладную разбіўку канкрэтных лічбаў. 25% (раней 28%) апытаных мяркуюць, што кошты выраслі больш, чым на 17%. Пры гэтым яшчэ 50% упэўненыя, што кошты выраслі ад 8 да 17% (раней 48%).

Колькасць тых, хто адзначае рост на 5–8%, у параўнанні з чэрвенем вырасла з 6 да 9%. А тых, хто давярае звесткам, агучаным Белстатам, і мяркуе, што за год кошты падраслі на 2–5%, стала менш, 5% у чэрвені ўпалі да фатальных 3%.

Калі ж разгледзець тое, як чытачы бачаць найбліжэйшую будучыню, стануць заўважныя нашмат большыя змены ў параўнанні з папярэднім апытаннем.

Адсотак рэспандэнтаў, упэўненых, што кошты будуць расці хутчэй, чым цяпер, павялічыўся з 32% да 42% – гэта значна. Крыху знізіўся (за кошт песімістычна настроеных) адсотак тых, хто верыць, што кошты будуць расці прыкладна гэтак сама, як і цяпер – з 49% да 45%.

Гэта значыць, што не толькі чыноўнікі, якія прызнаюць праблемы, што насоўваюцца, але і насельніцтва разумеюць, што вынікам адміністрацыйнага рэгулявання коштаў будзе толькі іх павышэнне.

Гледзячы на гэтыя звесткі і параўноўваючы іх з тымі паказнікамі інфляцыі і планамі на наступны год, напрошваецца карцінка: недаверлівае насельніцтва чакае чарговага «паскудства» ад ураду. Не на пустым месцы, між іншым.

Цяпер некалькі словаў, як чытачы прадбачаць інфляцыю на найбліжэйшы час у канкрэтных значэннях. У першую чаргу кідаецца ў вочы рост тых, хто ўпэўнены, што кошты будуць расці больш, чым на 17% – у чэрвені іх было 33%, а ў кастрычніку стала 39%.

Калі ж гаварыць пра больш памяркоўныя прагнозы інфляцыі, ад 8 да 17%, то відаць, што агульная колькасць людзей, якія прытрымліваюцца такога меркавання, не моцна змянілася: раней на трох пазіцыях іх быў 51%, а цяпер стала 48%.

Напрыканцы хочам адзначыць, што ў апошнім аглядзе інфляцыі Нацбанк мімаходзь прагаворваецца пра інфляцыйныя чаканні насельніцтва, якія былі атрыманыя ў выніку яго даследаванняў. Паводле гэтых звестак беларусы чакаюць у найбліжэйшы год інфляцыю ў раёне 11–12%, што цалкам сугучна з апытаннямі.

Асабліва ў тым, наколькі моцна адчуванні інфляцыі разыходзяцца з афіцыйнымі звесткамі. А раз так далёкая ад народа дзяржстатыстыка ў росце коштаў, то і высновы пра пакупніцкія і ашчадныя паводзіны насельніцтва будуць у чыноўнікаў моцна адрознівацца ад рэальнасці.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках