Як цяпер беларусам адкрыць візу ў Еўропу
17- 28.11.2023, 18:57
- 14,994
Польшча турыстычныя візы рэдка адкрывае, у Італію запіс праз месяц.
Калі ў верасні Польшча аднавіла прыём дакументаў на турыстычныя візы, гэта падавала вялікія надзеі, але ўсё аказалася не так проста. Журналісты nashaniva.com даведаліся, якая цяпер сітуацыя з атрыманнем візаў розных краінаў ЕЗ – ці доўга чакаць, колькі бяруць пасярэднікі і на які тэрмін адкрываюць візы.
Польшча
Атрымаць польскую турыстычную візу можна, але, як паказвае практыка, выдаюць іх вельмі кепска. З улікам таго, што самастойна запісацца амаль не рэальна, а пасярэднікі бяруць 600–700 рублёў за свае паслугі, гэта не найлепшы варыянт.
«У турызме цяпер у большасці выпадкаў Польшча адкрывае аднаразовыя візы, часам бываюць адмовы», – кажа візавы агент.
У выпадку з Польшчай лепш за ўсё спрабаваць адкрыць гасцявую візу. У такім выпадку ёсць вялікі шанец атрымаць доўгатэрміновую нацыянальную візу.
«Для гэтага спатрэбіцца запрашэнне ад любога грамадзяніна Польшчы ці чалавека з ПМЖ. Калі з запрашальнага боку ўсё будзе аформлена належным чынам, то вы атрымаеце гадавую візу», – тлумачыць спецыяліст.
Калі сваякоў або знаёмых, гатовых зрабіць вам запрашэнне, няма, то давядзецца плаціць пасярэднікам.
Толькі кошт самога запрашэння складае 350–400 даляраў. Калі запісацца самастойна не атрымаецца, дык трэба дадаць 250–300 рублёў за запіс на падачу.
Акрамя гэтага, аплачваюцца выдаткі на страхоўку – блізу 170 рублёў – і іншыя візавыя зборы, якія заважаць яшчэ рублёў на 200. У выніку віза абыдзецца больш, чым на 500 даляраў.
На адкрыццё польскай нацыянальнай візы ідзе блізу двух месяцаў: толькі запрашэнне будзе гатовае праз два тыдні, плюс некалькі тыдняў на запіс.
Сярод іншых папулярных варыянтаў – польская працоўная віза.
За 800–950 рублёў пасярэднікі гатовыя падрыхтаваць неабходны камплект дакументаў «пад ключ» Ад заяўніка акрамя грошай і пашпарта патрэбная толькі страхоўка (блізу 100 даляраў). Пасярэднікі гарантуюць, што віза будзе гадавая.
Адкрыць працоўную візу даволі проста і танна, але трэба разумець, што робіцца яна з выкарыстаннем ліпавага запрашэння на працу і такой самай працоўнай дамовы.
Некаторыя пасярэднікі адразу папярэджваюць, што гэта найтаннейшы і найхутчэйшы варыянт атрымаць доўгатэрміновую візу, але не самы бяспечны. Асабліва для тых, хто плануе часта перасякаць мяжу. Некаторыя нават раяць ехаць праз Польшчу не больш за адзін раз, а пазней імкнуцца ўязджаць у ЕЗ толькі праз Літву і Латвію, унікаючы кантактаў з польскімі памежнікамі.
Асобна ліпавае запрашэнне на працу прадаюць за 150 даляраў. Працоўная дамова, якую могуць запытаць пры перасячэнні мяжы, у гэтую суму не ўваходзіць. Запіс на візу з вашым запрашэннем каштуе 450–550 рублёў.
Італія
Ёсць яшчэ варыянт з Італіяй, за дапамогу ў адкрыцці візы пасярэднікі бяруць 1200 рублёў. У кошт паслугі ўваходзіць у тым ліку запіс на падачу, аплачаны авіяпералёт.
Гавораць, што Італія выдае візу мінімум на паўгода, але бываюць і больш доўгія тэрміны на 1–4 гады. Калі пачынаць рыхтаваць дакументы ў апошнія дні лістапада, то падача найхутчэй адбудзецца ў студзені наступнага года.
Гішпанія
Турыстычныя візы ў гэтую краіну ў асноўным выдаюць тэрмінам на 3–6 месяцаў. На гадавую візу могуць спадзявацца тыя турысты, хто меў гішпанскія турыстычныя візы раней. Пасярэднікі за падрыхтоўку дакументаў і запіс на падачу бяруць блізу 450 рублёў.
Вугоршчына
Таксама турыстычныя візы беларусам адкрывае Вугоршчына, але шанец атрымаць доўгатэрміновую візу 50/50. Частцы адкрываюць кароткатэрміновыя візы на адзін візіт, а іншыя атрымліваюць шматразовыя візы на 1-3 гады. Пасярэднікі за дапамогу ў афармленні дакументаў і рэгістрацыю на падачу бяруць 600–700 рублёў.
Грэцыя
Тым, каму віза патрэбная тэрмінова ці хто проста пачынае візавую гісторыю, можа падысці Грэцыя. За пасрэдніцкія паслугі агенцтвы бяруць усяго 350 рублёў. Абяцаюць хуткі запіс, але віза будзе тэрмінам на 2 тыдні.
Нямеччына
Сярод краінаў, якія добра адкрываюць доўгатэрміновыя візы беларусам, можна назваць Нямеччыну. У залежнасці ад візавай гісторыі можна спадзявацца на візу тэрмінам на 1–5 гадоў. Галоўны мінус – дата падачы. На стан канца лістапада запісацца на падачу можна не раней, чым на чэрвень 2024 года.