27 лiпеня 2024, Субота, 2:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці адгукнецца Лукашэнку крызіс на фінскай мяжы?

Ці адгукнецца Лукашэнку крызіс на фінскай мяжы?
АРКАДЗІЙ МОШЭС

Палітолаг растлумачыў, як Хельсінкі выкарыстоўваюць досвед Польшчы і краінаў Балтыі.

Фінляндыя сутыкнулася з наплывам нелегальных мігрантаў з боку Расеі. Як развіваецца гэты крызіс на мяжы? Ці пойдуць Хельсінкі на закрыццё памежных пунктаў?

Пра гэта сайт Charter97.org пагутарыў з дырэктарам даследчай праграмы пра Расею, Усходняе суседства ЕЗ і Еўразію ў Фінскім інстытуце міжнародных стасункаў Аркадзем Мошэсам:

– Калі будзе неабходнасць, то, безумоўна, Фінляндыя пойдзе на поўнае закрыццё. Насамрэч засталося закрыць адзін памежны пункт, размешчаны даволі далёка на поўначы. Ён знаходзіцца ажно за 240 кіламетраў ад Мурманска, каб людзі ўяўлялі сабе, дзе гэта.

Гэты пункт, калі не памыляюся, працуе цягам чатырох гадзінаў: з 10 да 14. Даўжыня дня ў той частцы краіны цяпер – дзве гадзіны. То-бок гэта фактычна ўмовы палярнай ночы, не самы зручны памежны пераход.

Фінляндыя цяпер шукае юрыдычнае абгрунтаванне на той выпадак, калі давядзецца закрываць і гэты КПП. Думаю, што яно будзе знойдзенае, таму што іншыя галіны заканадаўства адкрываюць для ўладаў прастору для дзеянняў у тым выпадку, калі бяспека краіны знаходзіцца пад пагрозай.

А ўсё, што адбываецца цяпер, трактуецца менавіта праз прызму нацыянальнай бяспекі. У краіне існуе амаль кансэнсус датычна таго, што гэты крызіс рукатворны. І ўжо ёсць даволі сведчанняў ад саміх людзей, якія трапілі на фінскую тэрыторыю, хто і як ім дапамагаў.

Грамадская думка адназначна ўспрымае гэта як праблему штучна створаную Масквой. У палітычных колах таксама існуе згода, што зачыняць мяжу трэба. Ну, хіба што частка прадстаўнікоў левых партыяў падкрэслівае, што трэба выконваць міжнароднае заканадаўства. І я не сумняваюся ў тым, што міжнародныя абавязкі Фінляндыі будуць выкананыя. Гэта значыць, магчымасць у прынцыпе звяртацца па прытулак будзе захаваная, але рабіць гэта будзе можна не на сухапутнай мяжы, а ў аэрапорце Хельсінкі.

Увогуле, у цяперашні момант у мяне няма ні найменшага сумневу ў тым, што калі спатрэбіцца, то мяжа будзе закрытая.

– Як паведаміў фінскі тэлеканал Yle, частка мігрантаў, якія штурмуюць мяжу, раней знаходзілася на тэрыторыі Беларусі і спрабавала патрапіць у ЕЗ менавіта з Беларусі. Гэта выпадковасць ці паміж Пуціным і Лукашэнкам ёсць нейкая каардынацыя дзеянняў у гэтым пытанні?

– Сапраўды, такія выпадкі ёсць. Я гэты артыкул у Yle бачыў. У ім ёсць прызнанне аднаго чалавека, але дапускаю, што іх больш, чым адзін. Думаю, што тут няма, ведаеце, нейкага майстар-плана, кшталту – Пуцін і Лукашэнка падумалі, як дастаўляць людзей з Беларусі.

Гэты канкрэтны чалавек (пра якога ідзе гаворка ў артыкуле) казаў, што некалькі разоў спрабаваў перасячы польскую і літоўскую межы. Ён з тых упартых людзей, якія ніяк не хочуць прызнаваць сваю паразу. Ён сам для сябе пастанавіў рызыкнуць на фінскай мяжы. Тут вялікую ролю мае дэзынфармацыя, якая распаўсюджваецца ў сацыяльных сетках у колах патэнцыйных мігрантаў, якія знаходзяцца як паблізу Фінляндыі, так і пакуль яшчэ ў сваіх краінах, арабскіх краінах у першую чаргу. Была, сярод іншага, запушчаная навіна, што фінская мяжа нібыта адкрытая і можна без асаблівых праблемаў туды патрапіць.

Думаю, што хутчэй правілам з'яўляюцца нейкія «пакетныя туры», якія прапануюцца ў арабскіх краінах. Шукальнікі прытулку, якія прыйшлі з боку Беларусі, хутчэй выключэнне, чым правіла.

– У выпадку калі эмігранцкі крызіс у Фінляндыі набярэ звароты, то ці ўдарыць гэта па Лукашэнку?

– Толькі ўскосна. Разумееце, паралелі ўжо ўсе праведзеныя падчас абмеркаванняў у СМІ, у сацыяльных медыя. Падкрэслю – любое абмеркаванне сітуацыі ў Фінляндыі пачынаецца з таго, што праводзяцца паралелі з крызісам на беларускай мяжы.

Гавару, што ўплыў ускосны ёсць, таму што, безумоўна, досвед Польшчы, Літвы і Латвіі ў тым, што тычыцца цвёрдага адказу на эмігранцкі крызіс, які пачаўся ў 2021 годзе, безумоўна, быў узяты да ўвагі і як мінімум негалосна прызнаецца ўдалым. Крызіс на беларускай мяжы быў большы, чым на мяжы Фінляндыі сёння, але зразумела, што менавіта пазіцыя Польшчы, Літвы і Латвіі, якая зводзілася да таго, што мяжу трэба закрываць і абараняць, уважаецца за правільную.

Але гэта ніяк не можа паўплываць непасрэдна на стаўленне да рэжыму Лукашэнкі, бо гэтае стаўленне ўжо настолькі негатыўнае, што горш яно ўжо быць не можа.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках