5 траўня 2024, Нядзеля, 1:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы замежжа выкупілі эскізы роспісаў Чырвонага касцёла на аўкцыёне ў Нямеччыне

2
Беларусы замежжа выкупілі эскізы роспісаў Чырвонага касцёла на аўкцыёне ў Нямеччыне

Гэтыя эскізы – рэдкі прыклад мадэрнага мастацтва.

Беларусы хутка выкупілі на інтэрнэт-аўкцыёне ў Нямеччыне эскізы-праекты алтарных роспісаў каталіцкага храма Святых Сымона і Алены ў Менску, паведамляе Telegram-канал «Спадчына».

Працы мастака Юзафа Тэафіла Смалінскага (1865–1927) заўважылі на аўкцыёне 27 лістапада. Тады «Спадчына» заклікала беларусаў як мага хутчэй выкупіць творы мастацтва, звязаныя з Чырвоным касцёлам.

28 лістапада канал паведаміў, што менавіта беларусы, якія знаходзяцца за межамі краіны, паспелі выкупіць усе эскізы.

«У цэнтры ў нябёсах намаляваны Хрыстос, пад ім – выява Чырвонага касцёла. Хлопчык з дзедам – гэта Сымон Вайніловіч і ягоны заступнік святы Сімяон. Насупраць укленчаная дзяўчына – гэта Алена Вайніловіч. Шматлікія партрэты жанчыны ў масіўнай кароне – гэта пошук выявы святой Алены, маці імператара Канстанціна, якая адшукала труну Гасподнюю і Жыватворчы Крыж, што ўтрымліваецца ў руках. Сярод падборкі малюнкаў мастака ёсць “мужчынскі партрэт”, які, калі паглядзець на іншыя эскізы, насамрэч партрэт Алены Вайніловіч», – расказвае «Спадчына» пра эскізы.

«Яны [эскізы] рэдкі прыклад мадэрнавага мастацтва ў Беларусі. Ці знойдзем не мы гэтыя роспісы некалі ў самім касцёле – пакуль невядома, а так хоць будзе нейкае сведчанне той эпохі», – піша «Спадчына».

Асцярога «Спадчыны» небеспадстаўная, бо ў верасні 2022 года ўлады зачынілі касцёл для вернікаў. Гэта адбылося пасля невялікага пажару. Чыноўнікі пастанавілі, што Чырвонаму касцёлу патрэбная рэканструкцыя, але толькі нядаўна абвясцілі, што праца пачнецца ў першым квартале 2024 года.

Увесь гэты час у храм не пускалі нават святароў. У кастрычніку 2022 года спрабавалі затрымаць пробашча кс. Уладзіслава Завальнюка, які маліўся ў двары каля зачыненых дзвярэй Чырвонага касцёла.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках