«Звар'яцелы маньяк»: расейскі банкір Цінькоў дзёрзка звярнуўся да Пуціна
9- 29.11.2023, 9:15
- 18,914

Палову допісу ён напісаў на ангельскай мове.
Банкір Алег Цінькоў, які пакінуў Расею, востра скрытыкаваў дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна. Ён абвінаваціў яго ў знішчэнні Расеі. Дзёрзкі допіс быў апублікаваны на старонцы Цінькова ў Instagram 28 лістапада.
Палову допісу банкір напісаў на ангельскай мове.
У ёй ён назваў Пуціна «чортавым ідыётам» і «звар'яцелым маньякам».
«Гэй, дыктатар, пекла чакае цябе», — дадаў Цінькоў.
Астатняя частка допісу была напісаная на расейскай мове.
У ёй банкір выказаў упэўненасць, што большасць і народа РФ, і так званай «эліты» пільнуюцца таго ж меркавання пра Пуціна, што і ён сам, але баяцца гэта абвяшчаць гэта публічна.
Ён да іх звярнуўся і заклікаў не маўчаць і весці барацьбу з дыктатарам. «Не бойцеся Пуціна, ён проста х**ло. Праўда і воля пераможа, а ён здохне, а мы патрапім у РАЙ! Змагайцеся», — напісаў расейскі банкір.
Адзначым, што Цінькоў з самага пачатку выступіў супраць вялікай вайны, якую Крэмль распачаў у 2022 годзе супраць Украіны.
Ён назваў "вар'яцкай" пуцінскую так званую "спецаперацыю" і заклікаў да неадкладнага яе спынення.
«Цяпер ва Украіне гінуць невінаватыя людзі, штодзень, гэта неймаверна і недапушчальна!» — напісаў Цінькоў праз 4 дні пасля пачатку поўнамаштабнай вайны.
Яшчэ ў 2021 годзе Цінькоў займаў 32-е месца ў расейскім рэйтынгу Forbes найбагацейшых людзей Расеі. Ягонае багацце ацэньвалася больш як на $4,7 млрд. У 2022-м ён з рэйтынгу выбыў. У Расеі ў яго адабралі ягонае стварэнне — банк «Тинькофф», ён быў вымушаны прадаць яго за бесцань.