Журналісты выкрылі агента КДБ з Гомеля праз фотаздымак аблокаў
14- 29.11.2023, 9:22
- 17,394
Ён быў адміністратарам таксічных суполак.
Журналісты выдання «Флагшток» даведаліся, хто адмініструе гомельскія суполкі, у якіх прапагандуюць “расейскі свет” і дыскрэдытуюць апанентаў рэжыму. Для гэтага спатрэбілася фотаздымак аблокаў і дапамога «Кібэрпартызанаў».
Журналісты назіралі за праўладнымі суполкамі ў тэлеграме і ва “Вконтакте” “Гомель ПРОТИВ” і bez-b.by.
«Адміністратары груп захапляюцца «расейскім светам». Першапачаткова яны прывабілі ўвагу расследавальнікаў не праз цкаванне актывістаў і журналістаў, а праз агрэсіўны прарасейскі змест.
Аўтары груп не саромеюцца змяшчаць карыкатуры і вульгарныя выявы, прысвечаныя заходнім палітыкам і падзеям ва Украіне. Падтрымліваюць агрэсію Расеі супраць Украіны, папулярызуюць сымбалі расейскай агрэсіі ва Украіне — лацінскія літары V і Z, агітуюць за вайну, распаўсюджваюць крамлёўскія фальшыўкі», — піша «Флагшток».
Мяркуючы з назіранняў расследавальнікаў, гэтыя групы вядуць адны і тыя ж людзі.
Адзін з карыстальнікаў пад мянушкай "Сяргей Байкоў" прывабіў увагу сваёй актыўнасцю. Зазвычай фальшывыя старонкі не змяшчаюць сапраўдных фатаграфій, але ў 2015 годзе «Байкоў» выклаў фотаздымак, на якім большую частку прасторы займае неба, вада і дрэвы.
Журналісты ўсё ж здолелі вызначыць, што здымак быў зроблены з акна кватэры ў Гомелі на вуліцы Мележа, дом 12.
З дапамогай “Кібэрпартызанаў” журналісты даведаліся, што там зарэгістраваны Яўген Бажок 1981 года нараджэння. Бажок публікаваў са свайго фальшывага рахунку паведамленні ў праўладнай групе «Гомель ПРОТИВ».
Яму затэлефанаваў блогер Андрэй Павук пад выглядам знаёмца, каб удакладніць, ці з'яўляецца Бажок адміністратарам. Павука часта там цкавалі.
Андрэй Павук: «Я чуў, што ты «Гомель ПРОТИВ» адмініструеш, нармальна так».
Яўген Бажок: «Ээээээ. Не. Ээээээ. Так, гэта не тэлефонныя размовы. Дурасць гэта ўсё, што ты зараз кажаш».
Праз гадзіну Бажок змяніў аватарку свайго рахунку ў Telegram і змяніў наладкі прыватнасці на больш замкнёныя.
Па фатаграфіях Бажко пазнаў былы выкладчык БелДУТ і расказаў, што той быў куратарам універсітэта ад КДБ прыкладна з 2008 да 2012 года.