22 снежня 2024, Нядзеля, 9:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чым беларусы адрозніваюцца ад іншых народаў?

16
Чым беларусы адрозніваюцца ад іншых народаў?

Над Беларуссю быў пастаўлены нейкі "эксперымент".

Сяржук Доўгушаў – не проста музыка, а адзін з галоўных папулярызатараў беларускага фальклору. Не многія ведаюць, што менавіта ён быў сярод стваральнікаў "Вольнага хору", які ў 2020 годзе стаў адной з рухальнай сілаў пратэстаў.

У інтэрв'ю праграме Studio X-97 сайта Charter97.org музыка распавёў, чым беларусы адрозніваюцца ад іншых народаў, асабліва ад славян.

Падпісвайцеся на Youtube канал "Хартыі-97" - charter97video. Падзяліцеся відэа з сябрамі. Стаўце падабайкі і пішыце каментары.

- Чым беларусы адрозніваюцца ад іншых славян?

- Сваёй гісторыяй, сваёй культурай, сваёй ментальнасцю, сваімі песнямі. Вось менавіта арыгінальнасць і асаблівасць - гэта наша традыцыйная культура, ні з кім не зблытаеш. Калі будзем больш у гэтым разбірацца - мы будзем сябе прасцей пазначаць сярод іншых народаў. Чаму тыя ж вугорцы яшчэ ў пачатку XX стагоддзя пачалі ствараць свае дамы танцаў і свае песні? Бо ў песні, у культуры крыецца наш гістарычны код і наша самаідэнтыфікацыя.

- “Савок” шмат рабіў для таго, каб нерасейская культура была на ўзроўні вёсак, паселішчаў. А "сур'ёзная", "вялікая", "сапраўдная" – апрыёры была толькі адна. І як адзін з вынікаў - цяпер у розных краінах, якія былі пад гэтым саўкова-расейскім каўпаком, ёсць такое адчуванне, што наша культура - гэта такая “вясковая”, ва Украіне казалі “шараваршчына”. Што зрабіць, каб выйсці з гэтых комплексаў і прыняць, што няма адной вялікай культуры, а наша - гэта таксама супер.

- Мне здаецца, што сапраўды над Беларуссю быў пастаўлены нейкі эксперымент. Што трэба зрабіць, каб настолькі не любіць сваё, настолькі не ведаць, а яшчэ назваць вуліцы імёнамі тых катаў, якія забівалі тысячамі беларусаў. Гэта проста такі здзек. І калі гэта зразумець, можна проста жахнуцца.

Мне здаецца, ёсць адно выйсце — паказваць праўдзівае, паказваць альтэрнатыву ўсяму гэтаму. Калі я выступаў у школах - дзеці любілі гэтыя канцэрты. Калі выходзяць спяваць Дунаеўскага ці расказваюць пра вялікага Пушкіна — дзецям гэта нецікава. А Леніна больш увогуле ніхто не ведае. Калі я даставаў інструменты і граў, то дзеці, якія раней ніколі іх не бачылі, слухаюць сучасную музыку – у іх усё адно нешта ўнутры пачынала граць. Гэта былі для іх самыя запамінальныя канцэрты, гэта тое, што яны будуць памятаць.

І я гэта назіраю на канцэртах, калі беларусы ідуць на сустрэчу да сябе, на сустрэчу да разумення, хто мы, што мы робім у гэтай краіне. І тут, канешне, ім шмат можна даць віртуальнай ежы праз інтэрнэт, літаратуру, знайсці праўдзівую інфармацыю.

Калі ў Беларусі зараз робяць усё, каб гэта знішчыць, каб у людзей была толькі Вялікая Айчынная вайна і “вялікі” савецкі здабытак, то нашая справа — рабіць так, каб людзі ведалі альтэрнатыву, праўдзівую, сапраўдную. Упэўнены, той жа адзінаццацікласнік, які зараз вучыцца ў беларускай школе дзе-небудзь у Менску ці Баранавічах, усё адно ў яго ёсць сумневы ў тым, што яму гавораць. “Рабі гэта. У нас было так. У нас быў вялікі, мудры Ленін”. А ён карыстаецца інтэрнэтам, разумее, што не можа быць толькі чорнае, ёсць і белае, і чырвонае, і зялёнае, і якое хочаш.

- Ацані, калі ласка, на твой погляд, наколькі добра беларусы ведаюць сваю культуру. Ад 1 да 10.

- Не магу казаць пра ўсіх беларусаў. Магу сказаць, што пасля 2020 года зацікаўленасць вялікая, такая, што людзі пачалі адкрываць для сябе новыя імёны, кірункі дзейнасці, фальклорам больш сталі цікавіцца. Але пакуль цяжка.

- Больш за пяць ці менш?

- Я аптыміст. Больш за пяць, вядома. І што мы разглядаем? Напрыклад, тыя хто зараз жывуць у Еўропе, будуць цікавіцца больш. Назіраў такую сітуацыю, калі гастраляваў па ЗША, тамака вельмі вялікая зацікаўленасць сваім. Не памятаю, каб раней столькі людзей збіралася на Купалле, Каляды. Была суполка, але эмігранты не так цікавіліся. А зараз новая хваля прыязджае, ім цікава, якая тут супольнасць, якія святы праходзяць. І гэта вельмі радуе, што на эміграцыі зацікаўленасць большая за сем балаў.

А ў Беларусі можа быць па-рознаму. Так склалася абстаноўка. Калі мы глядзім на правінцыю, на раённы цэнтр - людзям не да культуры, людзям хочацца неяк выжыць у гэтым усім, людзям хочацца зарабіць сабе на хлеб, на малако, каб не было нічога - ні палітыкі, ні вайны, каб іх не чапалі проста. Ім не да культуры, ім трэба неяк выжываць у тых умовах, якія склаліся.

— Ёсць такая думка, што Лукашэнка ненавідзіць усё беларускае, таму і дзяржава знішчае, і ўласную мову, не дае ёй развівацца, сцяг не беларуская і гэтак далей, і гэтак далей. Як ты думаеш, чаму гэта робіцца? Ці бачыш ты ў гэтым прычыну, што Лукашэнка ненавідзіць усё беларускае.

- Мне здаецца, ужо выхавалася цэлае пакаленне тых людзей, якія проста знішчаюць і працягваюць катаваць усё беларускае і ўсіх беларусаў. Гэта людзі, якія даўным-даўно здрадзілі. Мне падаецца, гэта проста эксперымент над краінай, над беларусамі, які пачаўся яшчэ ў 30-х гадах.

Калі я чытаю працы нашых этнографаў, нашых пісьменнікаў, паэтаў, калі іх судзілі за тое, што яны рабілі нешта на карысць Беларусі, прызнавалі іх творы "экстрэмісцкімі" і проста знішчалі, мы бачым, што гэта адбываецца і сёння. У нас няма “незалежных СМІ” зараз, гэта ўсё “экстрэмісцкае”.

Гляджу афішу сваіх мерапрыемстваў, быў фестываль, які я арганізоўваў, канцэрт, а лагатыпы інфармацыйных партнёраў на афішы - усе «экстрэмісцкія». Што гэта? Гэта акупацыя, знішчэнне за ўсё. У нас зараз у метро беларускую мову прыбіраюць, лацінку прыбіраюць, замест гэтага расейскую ставяць.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках