У Лаўрова заявілі аб вайне з NATO
18- 29.11.2023, 9:50
- 12,562
Ідэю абвясціў намеснік міністра замежных спраў РФ.
Расея гатовая да ўзброенага канфлікту з краінамі NATO, але пачнецца ён або не, залежыць ад Паўночнаатлантычнага альянсу, заявіў намеснік міністра замежных спраў РФ Сяргей Рабкоў.
«Цалкам і суздром выбар на баку NATO. Мы гатовыя, як гэта ўжо было прадэманстравана, абараняць нашы нацыянальныя інтарэсы ўсімі сродкамі, якія ёсць у нашым распараджэнні», — сказаў Рабкоў у інтэрв'ю «Известиям».
Пры гэтым ён папярэдзіў краіны NATO, што яны выбралі «небяспечны шлях». «Людзі, якія працягваюць выпрабоўваць нас на трываласць, відаць, паверылі, што межаў іх уласнаму «гемблінгу», гульні на падвышэнне ставак, няма. Але яны могуць апынуцца ў ліку тых, хто саступіў», - адзначыў Рабкоў.
Таксама высокапастаўлены прадстаўнік МЗС выключыў аднаўленне стасункаў Расеі і NATO «ў агляднай перспектыве». «Мы былі гатовыя дамаўляцца толькі на раўнапраўнай і ўзаемапаважлівай аснове, з чым заўсёды былі праблемы ў Паўночнаатлантычнага альянсу і яго краін-сябраў. А ўжо зараз на фоне таго, што адбываецца, я наогул не ўяўляю сабе сітуацыю і кантэкст, у якім такое магчыма», - растлумачыў Рабкоў.
Раней Нямецкае таварыства замежнай палітыкі (DGAP) выпусціла даклад «Прадухіліць наступную вайну», аўтары якога спрагназавалі вайну краін NATO з Расеяй у бліжэйшыя 6-10 гадоў.
На думку экспэртаў, Маскве спатрэбіцца не больш за 10 гадоў, каб аднавіць сваё войска для нападу на NATO пасля заканчэння інтэнсіўных баявых дзеянняў ва Украіне. «Нават пасля амаль двух гадоў вайны ва Украіне вайсковы патэнцыял Расеі вышэйшы, чым гэта ўяўляецца», - адзначылі аўтары даклада.
Для прадухілення вайны краіны NATO павінны паказаць Расеі, што канфлікт з блокам безнадзейны для Масквы. Экспэрты прапануюць у гэтых мэтах хутка павялічыць вайсковы патэнцыял краін ЕЗ, і адкрыта паведаміць аб гэтым Расеі. Закончыць перабудову NATO неабходна як мінімум за год да таго, як Расея будзе гатовая да вайны з альянсам на яго тэрыторыі, рэзюмаваалі экспэрты.