Пастаўкі кампутарных працэсараў у Расею абрынуліся на 70%
10- 29.11.2023, 14:27
- 6,662

Да чаго гэта можа прывесці?
Пастаўкі кампутарных працэсараў у Расею рэзка скараціліся ў гэтым годзе. Са студзеня да кастрычніка імпарт чыпаў ад Intel упаў на 64% год да года, а ад AMD – на 70%.
Усяго ў Расею паступіла 178 тысяч вырабаў Intel на 3,2 млрд руб. і 35 тысяч вырабаў AMD на 372 млн руб., вынікае са звестак IT-холдынгу Fplus, якія публікуе «Коммерсант».
Пры гэтым у падліку ўлічваліся не толькі афіцыйныя пастаўкі, але і ажыццёўленыя праз паралельны імпарт. Аднак "невялікая частка працэсараў увозіцца ў краіну пад іншым кодам, таму ў пастаўках не паказваецца", удакладнілі ў Fplus.
Спад у імпарце абумоўлены тым, што частка кампаній прыпыніла абнаўленне парку абсталявання ў чаканні айчынных распрацовак, а частка штучна падоўжыла жыццёвы цыкл электронікі, растлумачыў бізнэс-аналітык Fplus Антон Фамін.
Рост коштаў і павелічэнне ставак за крэдыты ўдарылі па пастаўках кампутарнай тэхнікі, кажа прадстаўнік вытворцы кампутараў RDW Technology. "Банальная эканомія прымушае карпаратыўны сегмент павялічваць цыкл выкарыстання кампутараў, звяртацца да тэхналагічнага канібалізму і пераглядаць тэрміны закупак новай тэхнікі", – адзначыў ён.
Паводле ягоны слоў, цана на замежны чып за бягучы год вырасла на 10-15% у параўнанні з 2022 годам. Больш за тое, у гэтым годзе "назіраецца дэфіцыт некаторых мадэляў замежных працэсараў", дадаў прадстаўнік RDW Technology.
Аднак крыніца сярод вытворцаў айчынных кампутараў не згодная з гэтым. Буйныя расейскія вендары маглі закупіць шмат кампанентаў пра запас, лішкі якіх зараз прадаюць іншым кампаніям, меркаваў ён. У іх ліку крыніца назвала Yadro, "Акварыус" і сам Fplus.
"Крэдыты бралі прыкладна на 10-20 млрд руб., а гэта блізу 100 тысяч замежных працэсараў", – растлумачыў суразмоўца. Паводле ягоных слоў, падзенне імпарту не адаб'ецца на вытворцах, а пры неабходнасці яго аб'ёмы можна будзе павялічыць за кошт шэрых схем.
Скарачэнне паставак працэсараў "можа затармазіць кантрактную вытворчасць расейскага абсталявання, бо кампаніям будзе не ставаць кампанентаў", папярэдзіў віцэ-прэзідэнт у развіцці вытворчасці GS Group Фёдар Баяркоў.