Парашэнка пацярпеў паразу на судзе з Зяленскім
41- 29.11.2023, 18:22
- 13,696
Пяты і шосты прэзідэнты Украіны судзіліся праз «стужкі Медзведчука».
Пяты прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка пацярпеў паразу ў пазове да кіраўніка дзяржавы Уладзіміра Зяленскага датычна «стужак Медзведчука», у якім патрабаваў апублікаваць інфармацыю пра бізнэс-сувязі экс-прэзідэнта з былым нардэпам Віктарам Медзведчуком.
Пра гэта гаворыцца ў пастанове Вялікай палаты Вярхоўнага суда ад 19 кастрычніка 2023 года, піша New Voice.
Гаворка ідзе пра словы Зяленскага, які ў адным з інтэрв'ю сказаў, што «з тэрарыстамі, сепаратыстамі (Медзвядчук – рэд.) гандляваў, зарабляў разам з пятым прэзідэнтам», «верагодна, разам з былым прэзідэнтам яны гэта рабілі і зараблялі».
На думку Парашэнкі, Зяленскі ўхіляўся апублікаваць у поўным аб'ёме наяўную ў яго публічную інфармацыю, атрыманую ад СБУ, выведных органаў і іншых асобаў у дачыненні да яго.
«Таму пазоўнік звярнуўся ў адміністрацыйны суд з патрабаваннямі прызнаць супрацьпраўнай бяздзейнасць прэзідэнта Украіны, якая заключаецца ў неабнародаванні згаданай у інтэрв'ю публічнай інфармацыі, а таксама абавязаць адказчыка апублікаваць гэтую інфармацыю, якая мае грамадскую цікавасць», – адзначаецца ў пастанове.
Вярхоўны суд Украіны адмовіў у задавальненні пазову, з чым пазоўнік не пагадзіўся і падаў апеляцыю на гэтую пастанову ў Вялікую палату Вярхоўнага суда.
У 2021 годзе журналісты Bihus.Info апублікавалі запісы размоваў народнага дэпутата ад ужо забароненай АПЗЖ Віктара Медзведчука, на якіх фігураваў у тым ліку Пётр Парашэнка. Запісы тычыліся паставак вугалю ад баевікоў «Л/ДНР», вяртання кантролю над украінскай часткай нафтапрадуктаправода Самара – Заходні кірунак і абмене палоннымі з РФ.
У Еўрасалідарнасці заяўлялі, што расследаванні пра «стужкі Бігуса» – заказныя, а іх бенефіцыяр – Офіс прэзідэнта, які «спрабуе навязаць грамадству меркаванне пра нібыта сувязі Медзведчука з Парашэнкам». У палітсіле казалі, што Парашэнка не абмяркоўваў з Медзведчуком ніякіх тэмаў, акрамя вызвалення палонных.