Расея вылецела з кіраўніцтва яшчэ адной міжнароднай арганізацыі
2- 29.11.2023, 18:36
- 9,502
РФ абышлі Украіна, Польшча і Літва.
Расея не трапіла ў сябры выканальнай рады Арганізацыі забароны хімічнай зброі – ключавога органа кіравання АЗХЗ, у паўнамоцтвы якога ўваходзіць у тым ліку ўжыванне захадаў у дачыненні да дзяржаваў-парушальніцаў.
Падчас 28-й Канферэнцыі краінаў-удзельніцаў арганізацыі Расею абышлі Украіна, Польшча і Літва ў галасаванні за месца ў радзе ад рэгіёну Усходняя Еўропа, сведчаць вынікі, апублікаваныя АЗХЗ, звярнуў увагу сайт The Moscow Times.
Усяго ў раду была абраная 21 краіна. Ад групы Заходняй Еўропы і іншых дзяржаваў месцы атрымалі Бельгія, Данія, Грэцыя, Гішпанія і Новая Зеландыя, ад Азіі – Бангладэш, Іран, Малайзія і Пакістан, ад Афрыкі – Алжыр, Гана, Нігерыя і ПАР, ад Лацінскай Амерыкі – Эквадор, Чылі, Сальвадор і Гватэмала.
Расея да траўня 2024 года захавае месца ў радзе, якая згодна са статутам АЗХЗ выступае галоўнай каардынатаркай расследаванняў выпадкаў меркаванага ўжывання хімічнай зброі, разглядае просьбы пра абарону ад выкарыстання хімзброі або пагрозы яе ўжываення, а таксама «візуе» пагадненні наконт правядзення праверак.
Чалец расейскай дэлегацыі на канферэнцыі АЗХЗ, намеснік кіраўніка Мінпрамгандлю Кірыл Лысагорскі абвінаваціў ЗША ў тым, што Масква страціла месца ў радзе. Ва Усходнееўрапейскай групе арганізацыі на ўказанне Вашынгтона і Брусэля было створанае антырасейскае лобі з 18 дзяржаваў, падпарадкаваных ваенна-палітычным інтарэсам NATO і ЕЗ, казаў Лысагорскі.
У кастрычніку 2020 года АЗХЗ дэ-факта абвінаваціла Расею ў выкарыстанні хімічнай зброі супраць апазіцыянера Аляксея Навальнага, які, паводле даклада арганізацыі, быў атручаны атрутай сямейства «Навічок». Праз год 45 краінаў-удзельніцаў АЗХЗ звярнуліся да Масквы з запытам на тлумачэнні ў адпаведнасці з п. 2 арт. IX Канвенцыі аб забароне хімічнай зброі, а атрыманы адказ назвалі няпоўным, пасля чаго быў накіраваны паўторны запыт, да якога далучыліся ўжо 55 дзяржаваў.
Расея ў 2017 годзе абвясціла пра поўнае знішчэнне запасаў хімзброі ў адпаведнасці з канвенцыяй, да якой далучылася ў 1997 годзе.