27 лiпеня 2024, Субота, 3:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дачка Пуціна навучыць афрыканцаў электроннаму галасаванню і сачэнню за насельніцтвам

5
Дачка Пуціна навучыць афрыканцаў электроннаму галасаванню і сачэнню за насельніцтвам
КАЦЯРЫНА ЦІХАНАВА

Пуцін запрасіў у Маскву прадстаўнікоў больш як 30 краінаў Афрыкі.

Уладзімір Пуцін спрабуе заручыцца падтрымкай краінаў Афрыкі ў супрацьстаянні ЗША і Еўропе рознымі спосабамі. Расказвае пра імперскую палітыку Захаду, запрашае афрыканскіх лідараў на саміт з самім сабой у Пецярбург, абяцае шасці краінам даць бясплатна 200 000 тонаў збожжа, а прыватная ваенная кампанія яго цяпер ужо былога кухара арганізуе бяспеку ваенных рэжымаў у некалькіх краінах кантынента. Цяпер да гэтых намаганняў дадасца лічбавізацыя.

Прадстаўнікі больш як 30 краінаў Афрыкі запрошаныя ў Маскву ў снежні на сустрэчу з расейскімі IT-спецыялістамі і інвестарамі, якія раскажуць, як выкарыстоўваць лічбавыя паслугі для павышэння якасці кіравання, піша Bloomberg. Праект рэалізуецца пры падтрымцы фонду «Нацыянальнае інтэлектуальнае развіццё», які працуе пад брэндам «Інапрактыка». Яго ўзначальвае малодшая дачка Пуціна Кацярына Ціханава.

Калі Расея дапаможа афрыканскім дзяржслужбоўцам павысіць узровень ведаў і кампетэнцый у лічбавай сферы, гэта будзе выгадна для абодвух бакоў, гаварыла ў ліпені на саміце «Расея – Афрыка» Анастасія Паўленка, намесніца выканальнага дырэктара – дырэктарка ў стратэгічных партнёрствах «Інапрактыкі». «Стварэнне незалежных сістэмаў электроннай дзяржавы дазволіць афрыканскім краінам умацаваць свой суверэнітэт», – пераконвала яна.

«Інапрактыка» ў розныя гады працавала з асноўнымі дзяржаўнымі кампаніямі, уключаючы «Раснафту», РЧ, «Расатам» і іншыя, якія ахвяруюць фонду значныя сумы: за апошнія гады ўнёскі выраслі з паўмільярда да амаль мільярда рублёў. Так, паводле ягонай справаздачнасці, у 2022 г., калі Расея ўжо вяла поўнамаштабную вайну ва Украіне, «мэтавыя паступленні на некамерцыйную дзейнасць» склалі 932 млн руб. (У 2021 г. – 585 млн руб., а ў 2020 г. – 514,2 млн руб.). У апякунскую раду «Інапрактыкі» ўваходзяць ледзь не ўсе блізкія Пуціну дзяржмэнэджары – кіраўнікі «Раснафты», «Газпрама», «Транснафты», Газпрамбанка, ВТБ, «Растэха».

Рэалізуючы лічбавыя праекты, ад кібербяспекі да дзяржаўных паслуг і электроннага галасавання, Масква можа набраць балы ў канкурэнцыі з Кітаем, ЗША і Еўразвязам за ўплыў на кантыненце, адзначае Bloomberg. У самой Расеі ўлады акрамя сістэмы дзяржпаслуг таксама ствараюць сістэму масавага лічбавага сачэння і паспяхова выкарыстоўваюць электроннае галасаванне для нейтралізацыі апазіцыйных кандыдатаў і атрымання патрэбнага выніку.

Так, сістэмы распазнання твараў укаранёныя ўжо больш як у 60 рэгіёнах, у той час як у 2021 г. яны выкарыстоўваліся і тэставаліся прыкладна ў пяці. Лідарам у колькасці выкарыстаных у такіх сістэмах відэакамераў з'яўляецца Масква (216000), дзе яны пакрываюць тры чвэрці грамадскіх месцаў і 90% жылога сектара. Пасля пачатку вайны ва Украіне расейскія ўлады выдаткавалі 30,7 млрд рублёў на сістэмы відэасачэння і распазнання твараў, вынікае з звестак партала дзяржзакупак, прааналізаваных The Moscow Times.

Сістэма электроннага галасавання ўпершыню была выкарыстаная на выбарах у Масгардуму ў верасні 2019 г. У трох акругах, дзе праводзіўся эксперымент, пасля заканчэння галасавання сістэма нібыта падвісла, а потым высветлілася, што ўсюды паводле вынікаў электроннага галасавання кандыдаты ад улады набралі больш, чым паводле вынікаў звычайнага. У шэрагу рэгіёнаў практыка выкарыстоўвалася на рэферэндуме абнулення Канстытуцыі ў 2020 г.

Досвед анлайн-галасавання маюць ужо 30 рэгіёнаў, дзе жыве 49 млн выбарнікаў, у іх яно можа выкарыстоўвацца і на выбарах прэзідэнта ў 2024 г., расказаў у кастрычніку намеснік старшыні Цэнтрвыбаркама РФ Мікалай Була. Паводле звестак РБК, у Крамлі ставяць задачу атрымаць 75% галасоў за Пуціна пры 70-адсоткавай яўцы, каб вынікі выбараў былі рэкорднымі для прэзідэнта за ўвесь час ва ўладзе.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках