16 чэрвеня 2024, Нядзеля, 1:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Расея страціла баявых дэльфінаў праз шторм у Чорным моры

8
Расея страціла баявых дэльфінаў праз шторм у Чорным моры

Дрэсіраваных дэльфінаў РФ выкарыстоўвала для абароны флоту ў Крыме.

Дрэсіраваныя дэльфіны, якіх Расея выкарыстоўвала для абароны флоту ў Крыме, зніклі пасля наймацнейшага шторму, які абрынуўся на рэгіён 26 лістапада. Пра тое, што вальеры для баявых жывёлаў зніклі з Севастопальскай бухты, сведчаць спадарожнікавыя здымкі, якія вывучыў OSINT-аналітык H I Sutton.

Ён не выключыў, што канструкцыі затапіла ці змыла, у выніку чаго дэльфіны былі вызваленыя. «Магчыма, расейскі флот перамясціў загоны перад штормам, але ў цяперашні час ніякіх доказаў гэтага няма», – дадаў аналітык.

Ён таксама нагадаў, што баявыя дэльфіны былі вырашчаныя ў няволі, залежалі ад сваіх дрэсіравальнікаў у плане ежы і наўрад ці здольныя самі за сябе пастаяць. Такім чынам, знаходжанне ў адкрытым моры можа стаць для іх смяротным прысудам.

Таксама штормам былі змытыя абарончыя збудаванні, у тым ліку бонавыя загароды, якія выкарыстоўваліся для абароны Крымскага моста ад марскіх дронаў, расказаў OSINT-аналітык Brady Africk.

Расея пачала выкарыстоўваць баявых дэльфінаў пасля ўварвання ва Украіну. Іх задзейнічалі для абароны галоўнай ваенна-марской базы Чарнаморскага флоту ў Севастопалі. У чэрвені сёлета колькасць жывёлаў павялічылі ўдвая – да шасці-сямі. А восенню брытанскі каралеўскі флот выявіў загоны з дрэсіраванымі дэльфінамі каля ваенна-марской базы ў Новаазёрным на паўночным захадзе Крыма.

Гэтыя сысуны ўважаюцца за эфектыўных супраць ваенных вадалазаў: ніводны чалавек, якім бы натрэніраваным ён ні быў, не можа плаваць з такой хуткасцю. Таксама дэльфіны могуць патруляваць узбярэжжа з прыладай відэафіксацыі і радыёмаяком.

Шторм з парывамі ветру да 40 м/с накрыў чарнаморскае ўзбярэжжа ў мінулыя выходныя. У 15 муніцыпалітэтах Крыма быў уведзены рэжым НС, без святла засталіся амаль 500 тысячаў жыхароў рэгіёна. Праз непагадзь на паўвостраве і ў Краснадарскім краі загінулі чатыры чалавекі. Прызначаныя Расеяй улады Крыма ацанілі шкоду на 1,34 млрд рублёў.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках