Капітал спрацуе: як беларусы яшчэ праявяць сябе
2- 30.11.2023, 12:05
- 7,826
І вялізны хор пераможцаў выканае «Пагоню» на памяці.
Сяржук Доўгушаў – не проста музыка, а адзін з галоўных папулярызатараў беларускага фальклору. Не многія ведаюць, што менавіта ён быў сярод стваральнікаў "Вольнага хору", які ў 2020 годзе (стаў адной з рухальных сіл пратэстаў).
У інтэрв'ю праграме Studio X-97 сайта Charter97.org музыка распавёў, як беларусы яшчэ праявяць сябе.
Падпісвайцеся на Youtube канал "Хартыі-97" – charter97video. Падзяліцеся відэа з сябрамі. Стаўце “падабайкі” і пішыце каментары.
- У кантэксце рэвалюцыі 2020 года часцей за ўсё кажуць пра тое, чаму не атрымалася, якія памылкі зрабілі. Цябе хачу спытаць, на твой погляд, што добрага адбылося?
- Першае, беларусы паверылі ў сябе, беларусы адкрылі для сябе, што ёсць наша культура, хто мы ёсць. Частка людзей, якіх сустракаю за мяжой, кажуць: "Я перайшоў на беларускую мову пасля 2020 года". Другое, людзі пачалі больш аб'ядноўвацца, людзі пачалі ісці разам па агульную ідэю. Самае важнае, што яны ўбачылі, што іх - большасць. Калі гарады выходзілі амаль усе, калі вуліцы былі настолькі запоўненыя людзьмі. І гэта людзі, якім неабыякавы лёс Беларусі. Людзі, якія паўсталі. Людзі, якія за тое, каб наша краіна жыла лепш.
- Гэта ў беларусах засталося? Капітал спрацуе яшчэ?
- Ёсць крыўда, ёсць боль, ёсць закрытасць і расчараванне. Але ўнутры захавалася. Як толькі будзе нейкі штуршок - гэта ўсё зноў з'явіцца.
- Я задаю гэтае пытанне ўсім. Як перамагаць?
- Першае - гэта перамога над сабой. Зрабіць пэўныя намаганні, і я гэта раблю. Штораніцы ўстаю і складаю спіс спраў, якія трэба зрабіць, большасць гэтых спраў звязаныя з беларускай культурай. Шмат праектаў, шмат мерапрыемстваў, выдавецкая дзейнасць, адукацыйная дзейнасць. Гэта і ёсць мая перамога. Мая перамога над сабой. Бо часам накатвае і туга, і бяссілле, і момант, калі я хачу вярнуцца ў сваю вёску Тарчылава, проста шпацыраваць па родных мясцінах. Я гэтага не магу зрабіць. Разумею, што маю зямлю акупавалі.
Мне хацелася б, каб мы маглі быць там, дзе нам захочацца. Хачу сёння паехаць у вёску - паехаў. У мяне мара такая: каб мы маглі ўсё прыязджаць на сваю зямлю. Бо нашу зямлю адабралі, але яна ўсё адно належыць нам. Мы носім яе з сабой, мы спяваем нашы песні, мы ведаем нашу гісторыю і гэтак далей. Гэты кавалачак нашай радзімы заўсёды з намі. Але хочацца сустрэцца на нашай зямлі. І гэта будзе не толькі хор, гэта будзе не толькі аркестр - гэта будуць усе беларусы. Той, хто называе сябе беларусам, будзе стаяць і спяваць "Пагоню" са слязамі і па памяці. Думаю, гэта самая вялікая мара.