«Работнікі на нашым камбінаце перашэптваюцца»
12- 30.11.2023, 13:03
- 22,450
Што напраўду адбываецца на беларускіх прадпрыемствах.
- Якасць лукашысцкай тэлевізіі спусцілася да ўзроўню, калі людзей прымушаюць умыкаць і глядзець тэлевізар, — піша ў рэдакцыю сайту Charter97.org чытачка Дар'я з Лоева.
На Лоеўскі камбінат будаўнічых матэрыялаў прыйшоў загад: усіх працаўнікоў прадпрыемства «акультурыць», «адукаваць», «даць пажытак для разваг».
Раз у нашым Лоеве сітуацыя з працоўнымі месцамі вельмі напружаная, то людзі кінуліся выконваць гэты наказ кіраўніцтва. А каб паказаць, якія яны адданыя, маўляў, дайце нам дапрацаваць да пенсіі, то глядзелі ўсёй сям’ёй праграму, у якой супрацоўнікі карных органаў павучалі, як трэба выхоўваць дзяцей. Дзівіць, што сёй-той пасадзіў глядзець гэтае паскудства яшчэ і дзяцей.
Толькі ў сэрцы маім закрадваецца сумнеў, ці напраўду глядзелі? Ці проста, скарысталіся тым жа метадам лукашэнкаўскай дзяржавы: фота зрабіў, справаздачу даслаў і жыві сабе далей спакойна. Галоўнае — на працу хадзіць, каб з голаду не апухнуць.
Бо як паслухаеш, пра што людзі перашэптваюцца на нашым камбінаце, то неяк слаба верыцца, што нехта гэтую лухту ўспрымае насур’ёз. Раней казалі, што хачу жыць у той Беларусі, якую ў тэлевізары паказваюць.
Цяпер ужо нават у той не хочуць, бо цяпер паказваюць, што Беларусь нашу нібыта апанавалі «экстрэмісты-тэрарысты», ідзе бясконцая падрыхтоўка да вайны і г.д.
Мае ж знаёмыя лоеўцы ахвотна глядзяць хіба што сэрыялы, якія дапамагаюць забыцца пра жахі сённяшняга жыцця, а прапаганду – толькі пад прымусам.