СБУ прыйшла з ператрусамі ў Пачаеўскую лаўру
12- 30.11.2023, 14:13
- 9,418
Названая прычына.
Служба бяспекі Украіны правяла ператрусы ў памяшканнях Пачаеўскай лаўры (Цярнопальская вобласць). Прадстаўнікі праваахоўных органаў наведалі тэрыторыю рэлігійнага аб'екта раніцай у чацвер, 30 лістапада.
Пра гэта OBOZ.UA паведамілі ўласныя крыніцы. З іх звестак, папярэдняя прычына візіту - распаўсюджванне расейскай ідэалогіі прадстаўнікамі лаўры. Прэс-служба СБУ пазней пацвердзіла ператрусы і заявіла, што яны адбыліся ў рамках крымінальнай вытворчасці аб датычнасці кіраўніцтва Пачаеўскай лаўры да распальвання нацыянальнай варожасці і нянавісці.
На сайце кляштара раней з’явілася публікацыя, у якой абражалі нацыянальны гонар і годнасць юдэяў, а таксама распальвалі рэлігійную калатнечу супраць прадстаўнікоў усіх цэркваў, акрамя УПЦ.
Акрамя таго, у гэтым паведамленні клірыкі УПЦ МП паставілі пад сумнеў існаванне Украіны як суверэннай дзяржавы асобна ад Расеі.
Экспэртыза пацвердзіла наяўнасць у тэксце выказванняў, якія распальваюць міжнацыянальную калатнечу і нянавісць.
У межах крымінальнай справы паводле арт. 161 Крымінальнага кодэкса Украіны (парушэнне раўнапраўя грамадзян у залежнасці ад іх расавай, нацыянальнай, рэлігійнай прыналежнасці, рэлігійных перакананняў, інваліднасці і іншых прыкмет) працягваецца расследаванне для ўстанаўлення ўсіх абставін злачынства.
Усе дзеянні праходзяць у рамках дзейнага заканадаўства, падкрэсліла СБУ. Ведамства "пільнуецца прынцыпу бесстароннасці да дзейнасці любой рэлігійнай канфесіі і паважае права кожнага грамадзяніна на свабоду светапогляду і веравызнання, як гэта вызначана Канстытуцыяй Украіны".
Дадамо, што мужчынскі манастыр Свята-Успенская Пачаеўская лаўра належыць Украінскай праваслаўнай царкве Маскоўскага патрыярхату.