Еўракамісія прапануе план пералічэння Украіне падаткаў з замарожаных расейскіх актываў
- 30.11.2023, 21:10
- 2,020
![Еўракамісія прапануе план пералічэння Украіне падаткаў з замарожаных расейскіх актываў](https://i.c97.org/p/articles/2015/ai-149152-aux-head-20150427_samit_ukr_es_new_t.jpg)
ЕЗ замарозіў актывы РФ на 211 млрд еўраў.
Еўракамісія плануе прапанаваць заканадаўчую ініцыятыву выкарыстання падатку на прыбытак з замарожаных расейскіх актываў памерам 211 млрд еўраў. Пра гэта паведамляе Bloomberg, спасылаючыся на крыніцу ў арганізацыі. Плануецца, што прапанова будзе абвешчаная 12 снежня гэтага года.
Паводле звестак агенцтва, сабраныя падаткі накіруюць на аднаўленне Украіны. Прадстаўнік Еўракамісіі таксама зазначыў, што прапанова не парушыць падаткаабкладанне ў краінах-чальцах ЕЗ.
Некаторыя краіны ЕЗ выказалі непакой наконт гэтай ініцыятывы. Бельгія, Нямеччына, Францыя, Італія і Люксембург заклікаюць да больш паступовага падыходу і выказваюць непакой датычна паскоранага працэсу прыняцця адпаведнага закону. Яны прапанавалі пачаць з менш фармальнага дакумента, мяркуючы, што афіцыйная прапанова заўчасная. Сустрэча Еўракамісіі з экспертамі з розных краінаў ЕЗ у гэтым пытанні прызначаная на 6 снежня.
Калі план камісіі будзе ўхвалены 12 снежня, лідары ЕЗ разгледзяць яго на саміце ў Брусэлі, які адбудзецца пазней у гэтым месяцы.
Паводле інфармацыі агенцтва, больш за 200 млрд еўраў заблакаваных расейскіх актываў знаходзяцца ў ЕЗ, пераважна ў Бельгіі ў міжнароднага дэпазітарыя Euroclear. У кастрычніку стала вядома, што расейскія актывы ў Euroclear прынеслі амаль 3 млрд еўраў прыбытку з моманту іх замарозкі і да трэцяга квартала 2023 года. У кастрычніку Бельгія абвясціла пра стварэнне фонду для Украіны памерам 1,7 млрд еўраў за кошт падаткаў з прыбыткаў ад расейскіх актываў.