5 снежня 2024, Чацвер, 0:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Італіі знайшлі некранутую магільню этрускаў з рэдкімі артэфактамі

У Італіі знайшлі некранутую магільню этрускаў з рэдкімі артэфактамі

Яе век складае блізу 2600 год.

Двухкамерная магільня, знойдзеная ў нэкропалі Астэрыя ў Вульчы, багатым этрускім месце на тэрыторыі цяперашняй цэнтральнай Італіі, захавалася некранутай і змяшчае надзвычай рэдкія парэшткі і артэфакты. Аб гэтым паведамляе Arkeonews.

Век магільні, знойдзенай у красавіку 2023 года, складае блізу 2600 гадоў. У ёй ужо знайшлі багатую калекцыю керамікі, амфар, посуду, келіхаў і бронзавы кацёл. Усе рэчы знаходзяцца ў выдатным стане, у тым ліку абрус, які выкарыстоўваўся ў этрускім рэлігійным рытуале "астатняй трапезы" — спальванні ежы ўнутры магільні перад яе запячатваннем.

Магільня была выкапаная ў мяккім вулканічным туфе. У першай камеры знаходзіліся чатыры этрускія амфары для мясцовага віна, у другой — амфары і кераміка з усходняй Грэцыі, Ёніі, Карынта, а таксама вырабы мясцовай вытворчасці, у тым ліку чорная кераміка букера. Археолагі мяркуюць, што дзве амфары ў другой камеры былі дастаўленыя з вострава Хіёс, дзе выраблялася самае дарагое віно ў грэцка-рымскім свеце. Гэта падкрэслівае, што этрускае места, якое размяшчалася на тэрыторыі сучаснага Лацыё-Марэмэ, было адным з галоўных цэнтраў Этрурыі.

Этрускі — развітая цывілізацыя, якая адна з першых у гісторыі стварыла каналізацыйную сістэму. Старажытныя рымляне запазычылі шмат якія аспекты культуры і тэхналогій у этрускаў, але спакваля асімілявалі іх.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках