27 лiпеня 2024, Субота, 3:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«У медсястры была істэрыка»

12
«У медсястры была істэрыка»

У Беларусі лекары баяцца выпісваць абязбольныя.

Беларускія лекары баяцца выпісваць онкахворым, якія паміраюць, наркатычныя абязбольныя – пра такую праблему расказаў BGmedia лекар і прафзвязны актывіст Станіслаў Салавей.

«Ёсць чалавек з запушчаным ракам прастаты, які знаходзіцца ў паліятыўнай групе, – апісвае медык рэальны выпадак. – Гэта значыць, радыкальна яго не лечаць з прычыны цяжкасці стану, прагрэсавання і г.д. Яму паказанае ў сутнасці абязбольванне. Чалавек сам толкам не ходзіць, і ўсе ягоныя візіты ў паліклініку ці лякарню – гэта выклік спецтранспарту.

Штодня ён прымае трамадол (наркатычны анальгетык). Да яго прыходзіць лекар. Лекар упэўніваецца, што сапраўды пацыент мае патрэбу ў выпісцы наркатычных анальгетыкаў, але рэцэпт не дае. Па рэцэпт жонка ідзе ў паліклініку, атрымлівае, ідзе ў адзіную ў горадзе аптэку і бярэ лекі на пяць дзён. Праз пяць дзён цыкл паўтараецца зноў.

Перыядычна прыходзіць медсястра і лічыць таблеткі, каб, не дай Бог, не далі дадатковую».

Станіслаў Салавей прыводзіць прыклад з іншага кейсу: жанчына, хворая на анкалогію, крычыць ад болю, дачка дае ёй другую таблетку (што дапушчальна паводле інструкцыі). Прыходзіць медсястра, заўважае, што пары таблетак не стае, і ў яе здараецца істэрыка: зараз прыедзе наркакантроль і ўсіх пасадзяць.

Хадзіць па кожны рэцэпт часта вымушаныя пажылыя жонкі і мужы онкахворых. Не кажучы пра тое, які бессэнсоўны кавалак працы павінны рабіць лекары, прыходзячы дахаты да пацыентаў, каб пераканацца, што яны жывыя і атрымліваюць лекі. Для гэтага хапіла б сацработніка. У дадатак да пакутаў людзей маем перавыдатак рэсурсаў.

«Паміраць у нашай краіне, на жаль, балюча. Пры гэтым у нас забароненая эўтаназія».

Працэдура выпіскі апіоідных абязбольных вельмі забюракратызаваная, а выкарыстанне патрабуе жорсткага кантролю з боку медработнікаў. Зрабіць з медсястры ці лекара наркадылера за крыва выпісаны рэцэпт ці за тое, што пацыент страціў пачак з-пад морфію, нескладана. Таму ў лекара на прыёме ўзнікае дылема: выпісаць анкалагічнаму пацыенту прэпарат ці не рызыкаваць. Натуральна, тэрмін выпіскі будзе максімальна адтэрміноўвацца, хоць у цывілізаваным свеце прэпарат далі б значна хутчэй. Акрамя таго, давядзецца ўвесь час хадзіць і абнаўляць рэцэпты.

Страх чыноўнікаў, што лекар прадасць пару ўпаковак морфію налева, перавешвае тое, што сотні і тысячы людзей будуць паміраць у пакутах.

«У лякарнях, калі я яшчэ працаваў, дзейнічала правіла: калі ты прызначыў пасляаперацыйнаму пацыенту наркатычнае абязбольнае, то ты павінен прыйсці і паглядзець, як медсястра яму набрала ў шпрыц, потым увяла, паставіць свой подпіс. Уяўляеце маштаб абсурду: ты дзяжурны доктар, у цябе два аддзяленні, плюс прыёмнае, плюс клічуць хірургі на кансультацыю і іншае – але ты роўна а восьмай павінен прыйсці паглядзець, як медсястра набірае лекі і ўводзіць пацыенту. Не небяспечныя лекі, якія не пагражаюць жыццю», – расказвае лекар.

Асобная праблема – спісанне пратэрмінаваных лекаў: гэта патрабуе кучы справаздачнасці.

«Былі выпадкі, калі сканчаўся тэрмін дзеяння наркатычных прэпаратаў – іх больш для седацыі выкарыстоўвалі, чым для абязбольвання, і іх фармальна спісвалі на пацыентаў, якім не давалі, а старэйшая сястра іх, умоўна кажучы, злівала ва ўнітаз. Пра такую практыку, прычым з дзвюх лякарняў мінімум, я ведаю ад чалавека, якому не давяраць сэнсу няма».

Медык падкрэслівае: у беларускай медыцыне ёсць маса страшных рэчаў, пра якія ўвогуле не гаворыцца ўслых.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках