У Арменіі ўспыхнуў гучны скандал з расейскімі вайскоўцамі
3- 10.12.2023, 10:07
- 22,444
Вайсковая паліцыя РФ парушыла суверэнітэт армянскіх улад.
На гэтым тыдні ў Арменіі супрацоўнікі расейскай вайсковай паліцыі затрымалі грамадзяніна РФ Дзмітрыя Сетракова і даставілі яго на расейскую вайсковую базу ў горадзе Гюмры, паведамляе «Медуза».
Супраць Сетракова ў Расеі распачатая крымінальная справа аб самавольным пакіданні часткі, паведаміла 8 снежня "Хельсінская грамадзянская асамблея - Ванадзор".
Кіраўнік арганізацыі Артур Сакунц заявіў армянскай службе "Радыё Свабода", што Сетракоў быў кантрактнікам у Расеі, але пасля поўнамаштабнага ўварвання РФ ва Украіну пераехаў у Арменію. Сакунц даведаўся пра яго затрыманне ад расейскіх праваабаронцаў, да іх звярнулася жонка расейца.
На расейскай вайсковай базе ў Гюмры Сакунцу пацвердзілі затрыманне і сказалі, што Сетракоў пад вартай.
"На маё пытанне, дзе ён будзе адбываць пакаранне, калі суд прызнае яго вінаватым, мне адказалі, што гэта будзе ў Расейскай Федэрацыі", - дадаў Сакунц.
Ён падкрэсліў, што расейская вайсковая паліцыя не мае права затрымліваць у Арменіі нават грамадзян РФ, гэта могуць рабіць толькі праваахоўныя органы самой Арменіі (расейскі бок павінен звязацца з імі для пошуку грамадзяніна, які шукаецца). Праваабаронца назваў дзеянні расейскай ваеннай паліцыі "нападам на прававую сістэму Арменіі, на Арменію як суверэнную дзяржаву".
"Хельсінская грамадзянская асамблея — Ванадзор" запатрабавала ад улад Арменіі "прыняць усе неабходныя намаганні для вяртання Сетракова Дзмітрыя Леанідавіча пад прававую абарону Рэспублікі Арменія".
Выданне “Вось так» адзначае, што расейцаў, абвінавачаных у дэзерцірстве ці ўхіленні ад службы ў войску, і раней затрымлівалі ў Арменіі. Але гэта рабілі мясцовыя паліцыянты і тады затрыманых адпускалі праз некалькі гадзін.