Маразы адступаюць з Беларусі
3- 10.12.2023, 10:46
- 4,704
Сіноптыкі расказалі, якое будзе надвор'е на наступным тыдні.
Беларусы паспелі адчуць зіму: у сярэднім на тэрмометры апошнім часам на 8⁰С ніжэй за норму. Але, напэўна, на наступным тыдні надвор'е значна зменіцца. Пра гэта расказаў у эфіры ОНТ сіноптык Дзмітрый Рабаў.
На наступным тыдні ў нашу краіну прыйдзе цёплае акіянічнае паветра з боку Атлантыкі. Снег стане "мокрым", а таксама прыйдуць абліваха і туманы. Усё праз павышэнне тэмпературы. Плюс практычна ўвесь тыдзень вільготнасць будзе даходзіць да 90%.
У панядзелак, 11 снежня, варта разлічваць на хмарнае надвор'е, снег або халепу. Магчымы туман, слабая абліваха і слізгота на дарогах. Вецер паўднёвы, сярэдні, часам парыўны. Уначы — ад -3°С да +3°С, удзень — ад -3°С да +1°С.
У аўторак, 12 снежня, чакаецца пад 0°С. У сераду, 13 снежня, уночы будзе ад -3°С да +2°С, удзень — ад 0°С да -3°С. Сярэдзіна тыдня прагназуецца хмарнай з прасвятленнем, але пройдуць кароткачасовыя ападкі. Вецер паўднёвы, сярэдні. На асобных адцінках дарог будзе слізка.
У чацвер, 14 снежня, чакаюцца ападкі — наколькі іх будзе шмат і якія, залежыць ад рэгіёна. Месцам таксама магчымы туман. Вецер сярэдні. Уначы чакаецца ад -3°С да +2°С, удзень — ад 0°С да -6°С.
У пятніцу, 15 снежня, усё прыкладна тое ж самае, але на паўночным усходзе ўночы тэмпература можа ўпасці да -7°С. Удзень будзе ад -1°С да -5°С.
У суботу-нядзелю, 16 і 17 снежня, у Беларусь прыйдуць вільготныя паветраныя масы з Балтыйскага мора. Яны выклічуць невялікі кароткачасовы снег. Зноў магчымыя туманы. Вецер заходні, сярэдні. Уначы ў нядзелю будзе ад -9°С на ўсходзе да +2°С на захадзе. Удзень — па-рознаму. У суботу варта чакаць ад 0°С да -8°С, а ў нядзелю цяплей — пад 0°С.