27 лiпеня 2024, Субота, 2:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ад гэтых вестак правадыр захварэў і раптоўна сканаў»

5
«Ад гэтых вестак правадыр захварэў і раптоўна сканаў»

Павучальная ў беларускім кантэксце гісторыя.

Тэлеграм-канал "Лісты да дачкі" расказаў пра тое, што людзей не варта недаацэньваць:

— Я неяк ужо расказваў як імператар Канстанцый II ператварыў выдуманага ворага ў сапраўднага. Але я тады не расказаў, з чаго ўсё пачалося. Дык сёння выпраўлюся.

Імператар быў падазроным чалавекам. Ён у прынцыпе не верыў нікому, але найменш верыў сваім сваякам. Вынішчыў дваіх родных братоў, васьмярых стрыечных, семярых пляменнікаў і дваіх дзядоў.

Застаўся можна сказаць сірацінкай. Адзін толькі родны чалавек у яго і ацалеў на ўсім белым свеце - ягоны стрыечны брат Юльян. Канстанцый чаму выявіў такую неўласцівую яму нястачу пільнасці? Таму што імператар разглядаў свайго сваяка чалавекам бескарысным і бездапаможным.

Юльян быў нервовым маладым чалавекам, які займаўся навукамі, мастацтвам і філасофіяй. Кніжкі, зноў жа любіў чытаць. Ну гэта значыць, глупствам усялякімі цікавіўся. А сур'ёзнымі справамі, накшталт інтрыг ці вайны, не цікавіўся зусім. Таму ні імператар, ні ягоныя прыдворныя не ўспрымалі Юльян сур'ёзна.

А з іншага боку, каб выглядаць устойліва у вачах падданых кожнай уладзе, трэба дэманстраваць, што ў яе ёсць пераемнасць. А Юльян быў адзіным ажылым імператарскім сваяком. (Дзяцей у Канстанцыя не было). Таму імператар прызначыў Юльяна сваім спадчыннікам і адправіў на паўночную мяжу ваяваць з нямецкімі варварамі.

Разлік быў на тое, што нічога добрага гэты аматар літаратуры сабе не наваюе. А толькі больш абняславіцца. Людзі будуць з яго смяяцца і нікому не прыйдзе ў галаву памяняць цяперашняга імператара на такога бескарыснага спадчынніка.

Юльян адправіўся на вайну і там раптам высветлілася, што бескарысны філосаф нядрэнна так умее ваяваць. Ён мала таго, што адбіў варварскія набегі, дык яшчэ і тройчы прайшоўся па варварскіх землях агнём і мячом. Узяў штурмам амаль сорак варварскіх гарадоў. Прынёс рымскай зброі такую славу, якой у рымскай зброі ўжо даўно не здаралася.

Ну і ты ж не думаеш, што пасля гэтага імператар прасякнуўся да свайго спадчынніка павагай і падзякай, праўда? Правільна робіш, што не думаеш. Бо мэта вайны супраць варвараў была не ў тым, каб перамагчы варвараў. Мэта вайны супраць варвараў была зганьбіць Юльяна.

Спачатку імператар увогуле не хацеў верыць у дасягненні свайго сваяка. Ну і прыдворныя, якія заўсёды ведаюць чаго жадае імператар, усяляк падтрымлівалі Канстанцыя ў гэтым перакананні. Высмейвалі фрызуру Юльяна, абзывалі малпай у пурпуры. Казалі, што ваяваць ён не ўмее, ваюе няправільна, а варвары, якіх ён перамог, гэта былі несапраўдныя варвары, а так. Слабакі нейкія.

Але потым вайсковыя поспехі сваяка набылі такі маштаб, што імператару стала ўжо не да смеху. Ну, а далей у прынцыпе ўжо вядома. Згодна з парадай сяброў імператар загадаў Юльяну адправіць войска ў яго распараджэнне. Войска з гэтым не пагадзілася, абвясціла імператарам Юльяна і рушыла на Канстанцінопаль. Ад гэтых непрыемных вестак імператар захварэў і раптоўна сканаў.

Бо як ні зачышчай вакол сябе палітычную паляну ўсіх усё адно не зачысціш. І бяда часта прыходзіць з таго боку, адкуль яе ўвогуле не чакаеш.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках