Венесуэла і Гаяна абмяркуюць сітуацыю са спрэчным рэгіёнам Эсекіба
3- 10.12.2023, 17:59
- 4,584
На ўзроўні прэзідэнтаў.
14 снежня прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура і прэзідэнт Гаяны Махамед Ірфаан Алі сустрэнуцца, каб правесці перамовы аб рэгіёне Эсекіба, які тэрытарыяльна належыць Гаяне і які захацела анэксаваць Венесуэла. Аб гэтым паведаміла агенцтва Reuters.
Аб двухбаковай сустрэчы было абвешчана пасля размовы прэзідэнта Венесуэлы з генеральным сакратаром ААН Антоніа Гутэрашам і прэм'ер-міністрам дзяржавы Сэнт-Вінсэнт і Грэнадзіны Ральфам Гансалвесам, які часова выконвае абавязкі прэзідэнта Супольнасці лацінаамерыканскіх і карыбскіх дзяржаў (СЕЛАК).
У каментары запланаванай сустрэчы прэзідэнтаў у Венесуэле заявілі, што яна будзе праведзеная дзеля «імкнення захаваць Лацінскую Амерыку і Карыбскі басейн як зону міру», а ў канцылярыі прэзідэнта Гаяны патлумачылі, што сустрэча адбудзецца, але «сухаземная мяжа Гаяны не падлягае абмеркаванню».
Агенцтва адзначае, што ў размове з Мадура аб дачыненнях Венесуэлы з Гаянай прэзідэнт Бразіліі Луіс Інасіа Лула да Сілва заклікаў да дыялогу і рэкамендаваў «пазбягаць аднабаковых захадаў, якія могуць прывесці да эскалацыі сітуацыі».
У той жа час Злучаныя Штаты выказалі «непахісную падтрымку суверэнітэту Гаяны».