Паліна Шарэнда-Панасюк стала пераможцай прэміі «Праваабарончая салідарнасць»
4- 10.12.2023, 23:31
- 4,322

Апублікаваны поўны спіс пераможцаў прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2023 год.
Сталі вядомыя лаўрэаты Прэміі праваабарончай супольнасці Беларусі за 2023 год, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Цырымонія ўзнагароджання адбылася сёння, у Міжнародны дзень правоў чалавека 10 снежня 2023 года.
У новай намінацыі «Праваабарончая салідарнасць года-2023» пераможцай стала палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк.
«Праваабарончая салідарнасць» - новая намінацыя. На яе вылучаецца асоба, якая пацярпела ад рэпрэсій і ціску сёлета і/ці ў папярэднія гады за сваю дзейнасць па прасоўванні і/ці абароне правоў чалавека ў Беларусі.
Нагадаем, што Паліна Шарэнда-Панасюк, маці дваіх дзяцей, утрымліваецца за кратамі з 3 студзеня 2021 года. Паліну прысудзілі да двух гадоў зняволення паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт.368 КК РБ («Абраза Лукашэнкі»), арт.369 («Знявага прадстаўніка ўлады»), арт.364 («Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»).
У намінацыі «Праваабаронца года-2023» абвешчаныя два пераможцы - намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў і адвакатка Наталля Мацкевіч.
«Журналістам года-2023» прызнаны палітвязень галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч.
«Праваабарончай кампаніяй/ініцыятывай года-2023» названая служба эвакуацыі BYSOL.