27 лiпеня 2024, Субота, 2:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Daily Mail: У Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі пазначыўся раскол

6
Daily Mail: У Кансерватыўнай партыі Вялікабрытаніі пазначыўся раскол

Барыс Джонсан можа вярнуцца на пасаду прэм'ер-міністра.

У Кансерватыўнай партыі Брытаніі наспявае раскол. Частка кансерватараў выступаюць за адстаўку дзейнага прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Рышы Сунака і вяртанне на гэтую пасаду ягонага папярэдніка Барыса Джонсана.

Гэта, на іх думку, можа выратаваць Кансерватыўную партыю ад паразы на наступных выбарах, якія будуць праходзіць у 2025 годзе: зараз апытанні паказваюць, што лейбарысты карыстаюцца ўдвая большай падтрымкай выбарцаў, чым кансерватары. Пра гэта паведамляе Daily Mail.

Са звестак выдання, усярэдзіне Кансерватыўнай партыі абмяркоўваецца магчымасць вяртання на пасаду прэм'ера былога кіраўніка ўрада Барыса Джонсана. Частка кансерватараў упэўнена, што гэта адзіны шлях да выратавання партыі ад зруйнавальнай паразы на выбарах у 2025 годзе. Бо апошнія сацыялагічныя даследаванні паказваюць, што зараз за лейбарыстаў гатовыя прагаласаваць 41-45% выбарцаў, у той час як кансерватарам збіраюцца аддаць свае галасы 22-29% брытанцаў.

Джонсан, мяркуе частка кансерватараў, у адрозненне ад Сунака, мог бы скараціць гэты разрыў.

Праблема кансерватараў таксама ў тым, што частка іх выбарцаў можа аддаць свае галасы папулісцкай Партыі рэформаў, сярод заснавальнікаў якой - вядомы прыхільнік ідэі выхаду Брытаніі з ЕЗ Найджэл Фараж.

“Праз шэсць-восем тыдняў мы будзем мець у апытаннях больш за 15%, а торы (кансерватары. - Рэд.) пачнуць апускацца ніжэй за 20%. У гэты момант ад пяці да дзесяці дэпутатаў зразумеюць, што гульня скончаная, і пяройдуць да нас. Тады гульня будзе скончаная. Гэта будзе апошні ўрад на нашай памяці, дзе ў торы ёсць большасць. Мы іх знішчым”, - так пракаментаваў Фараж электаральныя тэндэнцыі.

Рост папулярнасці гэтага палітыка ўжо ператвараецца ў рэальнае фінансаванне. Сродкі яму пералічваюць партыйныя донары, якія звычайна падтрымлівалі Кансерватыўную партыю. Так, адна з кампаній, якая за 20 гадоў пералічыла Кансерватыўнай партыі блізу 640 тысяч фунтаў стэрлінгаў, партыю Фаража прафінансавала адразу на 100 тысяч.

Пры гэтым крыніцы Daily Mail адзначаюць, што Джонсана дагэтуль не вярнулі на пасаду толькі з-за адсутнасці мандата. Замена Сунака на іншага палітыка з Палаты абшчын сітуацыю "хутчэй пагоршыць, чым палепшыць".

Вярнуцца ў парламент харызматычны экс-прэм'ер зможа толькі ў выпадку, калі нехта з дзейных парламентарыяў саступіць яму месца. Далей на чарзе - збор 53 подпісаў пад лістом аб недаверы Сунаку. У той жа час разглядаецца таксама варыянт з прызначэннем паплечніцы былога прэм'ера Прыці Патэл часовым прэм'ерам.

На запыт журналістаў прадстаўнік Джонсана адмовіўся казаць пра ягоныя палітычныя амбіцыі.

"Барыс Джонсан цяпер заняты напісаннем кнігі і ён падтрымлівае ўрад", - адзначыў прадстаўнік палітыка.

Нагадаем, раней Джонсан раскрытыкаваў Захад за прамаруджванне і заклікаў даць Украіне больш зброі. Бо, упэўнены палітык, зброя і боепрыпасы - магутны аргумент, якога дагэтуль не стае ўкраінскаму войску для аднаўлення справядлівасці і міру ва Украіне.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках