Буйная сетка будаўнічых крамаў незаконна захоўвала дзясяткі тысячаў копій пашпартоў беларусаў
14- 11.12.2023, 17:15
- 12,498

Цяпер копіі выдаленыя.
ТАА «Астамбуд» (сетка будаўнічых крамаў Mile) займалася незаконнай апрацоўкай асабістых звестак пакупнікоў – гаворка ідзе пра дзясяткі тысячаў адсканаваных копій пашпартоў і іншых дакументаў. Пасля праверкі кампанію абавязалі выдаліць сканы, паведамілі ў Нацыянальным цэнтры абароны персанальных звестак.
Праверка выявіла, што ў ТАА «Астамбуд» захоўваліся адсканаваныя копіі дакументаў кліентаў – пашпартоў, пасведчанняў аб дзяржрэгістрацыі права на аб'ект нерухомасці, актаў прыёму-перадачы жылога памяшкання прыватнага жыллёвага фонду.
У кампаніі заявілі, што ўсе гэтыя сканы патрэбныя былі для падлучэння кліентаў да дысконтнай праграмы і праграмы лаяльнасці сеткі будаўнічых крамаў Mile.
Аднак кантрольны орган мяркуе, што ў гэтай сітуацыі неабходнасць падачы копій дакументаў не прадугледжаная заканадаўствам, а аб'ём апрацаваных звестак з'яўляецца залішнім. Акрамя таго, тут бачыцца парушэнне закона аб абароне персанальных звестак.
На патрабаванне цэнтра кампанія выдаліла больш за 33 тысячы копій дакументаў і спыніла незаконную апрацоўку персанальных звестак.