У Казані прапанавалі мыць смеццевыя пакеты пасля прыпынення будаўніцтва смеццевага завода
13- 11.12.2023, 19:03
- 4,524

Інакш горад «патоне ў смецці».
Мэр Казані Ільсур Мятшын заклікаў улады прымусіць грамадзянаў мыць поліэтыленавыя пакеты для скарачэння спажывання пластыку, інакш горад «патоне ў смецці». Ён даручыў заняцца развязаннем гэтай праблемы кіраўніку выканкама Казані Рустэму Гафараву, паведамляе «Коммерсант».
«Мы не можам адкласці гэта на потым, інакш у прамым сэнсе мы проста патонем у смецці, – заявіў мэр. – І калі пераважная большасць, я спадзяюся і ўпэўнены, хочуць жыць у Казані і хочуць, каб шчасна і ў здаровай атмасферы раслі дзеці і ўнукі, мы гэта павінны ўсвядоміць разам, а задача данесці гэтую праблему (а гэта сапраўды праблема) кіраўнікам, якія сядзяць у зале і мая ў тым ліку». Мятшын прывёў у прыклад гараджанам свайго выкладніка ангельскай, які мые пакеты, каб іх паўторна выкарыстоўваць. «Гэта не пра грошы, гэта пра павагу да прыроды, экалогіі і заўтрашняга дня Казані», – сказаў на заканчэнне ён.
У пачатку года Метшын заявіў, што праблема са смеццем у Казані знаходзіцца «за чырвонай лініяй». Гафараў, у сваю чаргу, заявіў, што да восені смецце з горада будзе проста няма куды вывозіць.
У 2023 годзе пад Казанню спынілася будаўніцтва смеццевага заводу таму, што інвестары не змаглі дамовіцца з кампаніямі з Кітая пра пастаўкі абсталявання для завода. Чыноўнікі тлумачылі, што праз санкцыі будаўнікі завода страцілі заходніх партнёраў (швэйцарска-японскі кансорцыум Hitachi Zosen Inova, які павінен быў паставіць абсталяванне для завода, адмовіўся ад праекту), а перамовы з кітайскімі фірмамі задоўжыліся. Да заканчэння перамоваў пра пастаўку абсталявання назваць дату заканчэння будаўніцтва завода «не ўяўляецца магчымым», казала намесніца старшыні ўраду РФ Вікторыя Абрамчанка.