Віцябчук на ўласным судзе абразіў дзяржабвінаваўцу
6- 11.12.2023, 19:05
- 11,080
За гэта яму далі яшчэ 2,5 гады калоніі.
Жыхара Віцебска асудзілі да 2,5 года калоніі за абразу памочніцы пракурора, якая ў яго на судзе выступала ў якасці абвінаваўцы. Пра гэта піша тэлеграм-канал «Віцебск, я гуляю!» са спасылкай на пастанову суда.
6 снежня суд Віцебскага раёна разгледзеў крымінальную справу на неаднаразова асуджанага мужчыну – паводле звестак канала, яго клічуць Сяргей Зайцаў.
Як вынікае з пастановы, папярэдні раз віцябчук патрапіў у суд у сакавіку. Паводле якога артыкула яго тады судзілі, невядома, аднак падчас паседжання ён выказаў на адрас памочніцы пракурора «негатыўную адзнаку, выяўленую ў ненарматыўнай форме маўленчага выразу, якая зневажае аўтарытэт, гонар і годнасць асобы».
На мужчыну завялі новую крымінальную справу паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў, здзейсненым у публічным выступе). Суд асудзіў яго да 2,5 года пазбаўлення волі і штрафу 50 базавых велічыняў (1850 рублёў). Разам з папярэднім тэрмінам сумарна віцебчуку далі 5 гадоў калоніі строгага рэжыму і штраф памерам 2562,4 рублі.