Сойм Польшчы не прадоўжыў паўнамоцтвы прэм'ер-міністра Маравецкага
5- 11.12.2023, 19:06
- 6,752
Галоўны кандыдат на гэтую пасаду – Дональд Туск.
Дэпутаты польскага Сейма вынеслі вотум недаверу прэм'ер-міністру Матэвушу Маравецкаму, тым самым адмовіўшыся падоўжыць ягоныя паўнамоцтвы. Цяпер фармаваннем ураду краіны зоймецца аб'яднаная апазіцыя на чале з Дональдам Тускам.
Падчас паседжання Сейма 11 снежня дэпутаты выказалі вотум недаверу цяперашняму прэм'ер-міністру, прадстаўніку партыі «Права і справядлівасць» Матэвушу Маравецкаму, кандыдатуру якога вылучыў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. На галасаванні ўрад Маравецкага падтрымалі 190 чалавек, супраць выказаліся 266.
Такім чынам, «Права і справядлівасць» перастала быць кіроўнай партыяй у Польшчы пасля васьмі гадоў, цягам якіх яе прадстаўнікі ўзначальвалі ўрад краіны.
Цяпер фармаваннем кабінета зоймецца аб'яднаная апазіцыя, якая складаецца з альянсаў «Грамадзянская кааліцыя», «Трэці шлях» і «Левыя».
Галоўным кандыдатам на пасаду польскага прэм'ера стаў Дональд Туск, лідар партыі «Грамадзянская платформа», якая атрымала другое месца на выбарах, і былы кіраўнік Еўрапейскай рады.