Венесуэла абвастрае абстаноўку, а ў амбасаду Беларусі немагчыма датэлефанавацца
6- 11.12.2023, 19:37
- 15,486

Што адбываецца.
Прэзідэнт Венесуэлы Нікалас Мадура падпісаў шэсць указаў пра анэксію рэгіёну Эсекіба суседняй краіны Гаяны. Падаецца, верагоднасць вайны ў Паўднёвай Амерыцы становіцца ўсё вышэйшай. Журналіст «Люстэрка» некалькі дзён спрабаваў датэлефанавацца да амбасады Беларусі з пытаннем, што рабіць, калі пачнецца канфлікт. Але тэлефоны ўжо некалькі дзён маўчаць.
У перыяд з 7 да 11 снежня мы зрабілі больш за 15 званкоў на ўсе нумары, указаныя на сайце беларускай амбасады (у тым ліку на нумар консульскай дапамогі ў экстрэмальных сітуацыях). Ніхто так і не падняў слухаўку.
Між тым у МЗС запэўніваюць, што амбасада Беларусі ў Венесуэле прадаўжае працу. Так, 9 снежня журналіст «Люстэрка» патэлефанаваў на прамую лінію МЗС з пытаннем, што рабіць у выпадку пачатку ўзброенага канфлікту паміж Венесуэлай і Гаянай. Прадстаўнік міністэрства заявіў, што ў амбасадзе ў Каракасе працуе ўсяго пара чалавек, і (калі там па-ранейшаму не будуць паднімаць тэлефон) прапанаваў звярнуцца ў галоўную консульскую ўправу МЗС. У сваю чаргу дзяжурны консульскай управы параіў прадаўжаць спробы датэлефанавацца ў амбасаду.
– Яна функцыянуе ў Каракасе. Усё пакуль у парадку там, – сказаў ён.
Амбасада Беларусі ў Венесуэле працуе з 2007 года. У 2020 годзе амбасадарам у краіну прызначаны Андрэй Моўчан. Раней ён узначальваў дыпламатычнае прадстаўніцтва Беларусі ў ПАР, Анголе, Зімбабвэ, Мазамбіку і Намібіі. З 2008 да 2011 года быў намеснікам кіраўніка ўправы знешняй палітыкі адміністрацыі Лукашэнкі.
3 снежня ў Венесуэле прайшоў «рэферэндум». Паводле афіцыйна агучаных вынікаў, 95% прагаласавалых ухвалілі анэксію большай часткі суседняй Гаяны і ўключэнне яе ў склад Венесуэлы на правах новага штата.
У адказ улады Гаяны прывялі ўзброеныя сілы краіны ў стан поўнай боегатоўнасці. Прэзідэнт Ірфаан Алі правёў перамовы з генсекам ААН і папрасіў Раду Бяспекі разгледзець пытанне пра ўмяшанне ў гэты канфлікт.
Гаяна-Эсекіба вось ужо больш за два стагоддзі застаецца прычынай тэрытарыяльных спрэчак. Каракас заяўляе, што рэгіён адышоў Венесуэле пасля набыцця краінай незалежнасці ад Гішпаніі ў пачатку 1800-х. Улады Гаяны ў адказ на гэта нагадваюць, што тэрыторыя Гаяны-Эсекіба ўваходзіла ў склад Брытанскай Гвіяны, якая пасля стала незалежнай Гаянай.