Польшча разблакавала самы вялікі грузавы пункт пропуску на мяжы з Украінай
5- 11.12.2023, 19:44
- 4,972

Пункт Ягадзін – Дарахуск запрацаваў пасля больш чым месяца блакавання.
Польшча разблакавала самы вялікі грузавы пункт пропуску з Украінай – «Ягадзін – Дарахуск». Пра гэта паведаміў міністр інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў.
«Блакада пункта пропуску “Ягадзін – Дарахуск” закончаная. З 14:00 там адноўлены стабільны рух грузавікоў. У кірунку Украіны праехалі 15 транспартных сродкаў – яны на пункце пропуску. Таксама 25 грузавікоў афармляюцца – будуць накіроўвацца ў бок Польшчы», – гаворыцца ў Facebook міністра.
Паводле інфармацыі Дзяржаўнай мытнай службы, уезду ва Украіну праз Ягадзін чакаюць блізу 1000 грузавікоў, столькі ж – выезду (палова – у электроннай чарзе).
Пра заканчэнне блакады таксама паведаміла Дзяржаўная памежная служба.
«Сёння ў 14.00 закончылася акцыя пратэсту польскіх перавознікаў перад пунктам пропуску “Дарахуск – Ягадзін”. Афармленне і пропуск праз мяжу грузавых транспартных сродкаў у абодвух кірунках ажыццяўляецца ў звычайным рэжыме», – гаворыцца ў паведамленні памежнікаў.
Паводле словаў Кубракова, заканчэнню блакады папярэднічалі дзясяткі сустрэчаў, перамоваў на ўсіх магчымых узроўнях.
«Гэта была складаная праца, але яна яшчэ не закончаная. Мяжа павінна быць разблакаваная цалкам, а далейшае блакаванне не дапушчальнае», – указаў міністр.