27 лiпеня 2024, Субота, 14:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мядзведзеў заявіў пра планы зноў перапісаць Канстытуцыю РФ

20
Мядзведзеў заявіў пра планы зноў перапісаць Канстытуцыю РФ
ДЗМІТРЫЙ МЯДЗВЕДЗЕЎ

Апошні раз Канстытуцыю РФ перапісвалі ў 2020 годзе.

У Расеі будзе адбывацца «данадбудова» Канстытуцыі, заявіў у панядзелак намеснік кіраўніка Рады бяспекі РФ Дзмітрый Мядзведзеў.

Новая канстытуцыйная рэформа, паводле словаў Мядзведзева, не запатрабуе поўнай змены асноўнага закону, запэўніў Мядзведзеў на сустрэчы са школьнікамі напярэдадні Дня Канстытуцыі.

Аднак не выключаныя «адзінкавыя змены», папярэдзіў намеснік кіраўніка на сустрэчы са школьнікамі напярэдадні Дня Канстытуцыі. Мядзведзеў не ўдакладніў, якія праўкі плануюць, але падкрэсліў, што канстытуцыю рэгулярна мяняюць «несяброўскія» краіны, сярод іншых ЗША. «Гэта такая фундаментальная гісторыя з папраўкамі. І мы да гэтага прыблізна гэтак сама цяпер ставімся», – растлумачыў ён.

Паводле словаў Мядзведзева, можна было б увесь час з улікам змянення жыцця мяняць і Канстытуцыю. «Але вось рабіць гэта трэба максімальна акуратна», – цытуе РБК намеснік кіраўніка Рады бяспекі.

Апошняя канстытуцыйная рэформа, якую ўлады ад імя спікера Дзярждумы Вячаслава Валодзіна таксама анансавалі як «адзінкавыя змены», адбылася ў Расеі ў 2020 годзе. Тады былі «абнуленыя» тэрміны прэзідэнта Уладзіміра Пуціна, які ў выніку ўнесеных у Канстытуцыю паправак зможа заставацца ва ўладзе да 2036 года – даўжэй, чым любы з кіраўнікоў Расеі з часоў імператрыцы Кацярыны II.

Таксама ў Канстытуцыі быў замацаваны прыярытэт расейскага права над міжнародным, уведзенае палажэнне пра новы орган дзяржулады – Дзяржраду, скарочаны паўнамоцтвы прэм'ер-міністра на карысць прэзідэнта, які таксама атрымаў права з дапамогай Рады Федэрацыі здымаць з пасадаў суддзяў, у тым ліку старшыню канстытуцыйнага суда.

Для былых прэзідэнтаў РФ была ўсталяваная магчымасць станавіцца «пажыццёвымі сенатарамі». Акрамя таго, у Канстытуцыі было замацаванае паняцце шлюбу як «звязу мужчыны і жанчыны» і дзяржаўная палітыка «захавання традыцыйных сямейных каштоўнасцяў».

Усяго за час кіравання Пуціна ўлады тройчы мянялі Канстытуцыю. У 2008 годзе тэрмін паўнамоцтваў прэзідэнта быў павялічаны з чатырох да шасці гадоў, а Дзяржаўнай думы – з чатырох да пяці гадоў. Таксама была ўведзеная норма, якая абавязвае ўрад Расеі штогод даваць справаздачу ў Дзярждуме.

У 2014 годзе ў Канстытуцыю былі ўнесеныя папраўкі, у выніку якіх быў ліквідаваны Вышэйшы арбітражны суд, а ягоныя паўнамоцтвы перайшлі да Вярхоўнага суда. Тады ж прэзідэнт РФ атрымаў права сваім указам наўпрост прызначаць да 10% чальцоў Рады Федэрацыі.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках