27 лiпеня 2024, Субота, 3:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Прыехала ў невялікі раённы шпіталь у Польшчы — і была шакаваная»

25
«Прыехала ў невялікі раённы шпіталь у Польшчы — і была шакаваная»
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Чым польская медыцына адрозніваецца ад беларускай.

У 2023 годзе Сейм Польшчы выдзеліў 6% ВУП бюджэту краіны на медыцыну (у Беларусі, напрыклад - 4,4%). Гэта дазволіла польскім лекарам мець добрыя заробкі, а пацыентам - разлічваць на якасць і інавацыі ў наданні паслуг у сферы аховы здароўя, піша «Салідарнасць».

Праблем, зрэшты, таксама дастаткаова. У апошнія гады Польшча сутыкнулася з сур'ёзнымі праблемамі ў сферы медыцыны. Праз вайну ва Украіне на краіну абрынулася самая маштабная за апошнія 80 гадоў міграцыйная плынь. Многія з бежанцаў патрабуюць увагі лекараў, у той час як спецыялістаў не стае.

Паводле справаздачы Еўрастата яшчэ ў 2021 годзе ў Польшчы на 1000 жыхароў прыпадала ўсяго 2,4 лекара і 5,1 сярэдняга медыцынскага персаналу. І гэта самыя нізкія паказчыкі сярод краін ЕЗ.

Пакуль што выйсце з сітуацыі бачыцца адно - падвышэнне грашовай матывацыі медперсаналу. Так, у лякарні Свентакшыцкага ваяводства даюць спецыяльную стыпендыю ў суме 2 тысяч злотых (блізу 500 даляраў) цягам 9 месяцаў для 65 студэнтаў, якія пагодзяцца працаваць у далейшым у гэтай лякарні.

Таксама з 1 ліпеня ў Польшчы выраслі заробкі для медыцынскіх работнікаў: прыбаўка склала ад 600 да 900 злотых у залежнасці ад пасады і спецыялізацыі. Да прыкладу, заробак лекара-стажора дасягнуў 6028 злотых брута (амаль 1500 даляраў). Гэта павінна ўтрымаць лекараў у сістэме аховы здароўя Польшчы.

А вось «прыгоннае права» для выпускнікоў медыцынскіх ВНУ ў Польшчы ўводзіць не плануюць. Маладзёны вольныя атрымаць дыплом і самастойна вызначаць, дзе ім працаваць.

Нягледзячы на кадравы голад, польская медыцына па-ранейшаму мае нямала станоўчых водгукаў, у тым ліку з боку лекараў, якія пераехалі з іншых краін.

Так, лекарка Крысціна, якая атрымала медыцынскую адукацыю ва Украіне, пацвердзіла дыплом у Польшчы і цяпер працуе ў Гданьску, расказвае пра нюансы мясцовай медыцыны.

«Я працую ў невялікай раённай лякарні. І калі я прыехала, то была шакаваная, што ў самай звычайнай, не абласной, лякарні ёсць два кампутарныя тамографы, апарат МРТ, УГД-апарат. Гэта значыць, чалавек прыходзіць на прыёмнае аддзяленне і праз 10 хвілін можа мець гатовыя вынікі патрэбнага даследавання абсалютна бясплатна і без праблем!

Чэргі ў польскіх клініках могуць тлумачыцца не толькі кадравымі праблемамі, але і зусім іншым падыходам да лячэння агулам. Як і ў многіх краінах Еўропы, паход у аптэку ў Польшчы па большасць сур'ёзных лекаў магчымы толькі пасля візіту да профільнага або сямейнага лекара.

«Да сямейнага лекара можна чакаць чаргі тыдзень-два. І чым большы горад - тым большая чарга. Мой знаёмы працуе кардыёлагам і расказвае, што на прыватныя візіты да яго чарга на тры месяцы наперад. А калі бясплатна - год-два», - кажа Крысціна.

Вядома, пры вострых і неадкладных станах у Польшчы можна выклікаць службу хуткай дапамогі. Менавіта яна займаецца выратаваннем жыцця, таму яе выклік павінен быць абумоўлены сапраўды сур'ёзнай праблемай, якая непасрэдна пагражае жыццю чалавека. Калі па факце выпадак выявіцца не такім – давядзецца заплаціць штраф ад 500 да 1500 злотых.

Часцей за ўсё ў экстранных выпадках палякі звяртаюцца ў бальнічныя аддзяленні неадкладнай дапамогі.

Займацца самалячэннем у Польшчы, ды і ў кожнай іншай краіне ЕЗ, як прывыклі многія жыхары постсавецкіх краін не прынята. Нават для звычайных кропель пры банальным ячмені на воку фармацэўту ў аптэцы неабходна падаць рэцэпт ад лекара.

Глабальна ў гэтым ёсць рацыянальнае зерне. Бо дзякуючы такому падыходу Польшча ў адрозненне ад Беларусі, Украіны і іншых краін менш пакутуе ад праблемы антыбіётыкарэзістэнтнасці, якая ўзнікае акурат з прычыны таго, што многія людзі самі сабе «прапісваюць» магутныя прэпараты нават пры звычайным вірусе.

Але сітуацыйна пацыенту даводзіцца праходзіць даўжэйшы шлях ад сімптомаў да пастаноўкі дыягназу і лячэння.

Цікава, што сярэдняя працягласць жыцця ў Польшчы ў 2022 годзе складала 73,4 гады ў мужчын і 81,1 у жанчын. У Беларусі ж гэтыя паказчыкі істотна ніжэйшыя - 67,3 у мужчын і 77,7 у жанчын.

Гэтыя лічбы кажуць на карысць таго, што агулам польская медыцына больш эфектыўная за беларускую нават з улікам таго, што да лекара трапіць часта лягчэй менавіта ў Беларусі. Зрэшты, цяпер у краінах ідуць рознанакіраваныя працэсы. З Беларусі ідзе масавы адток медыкаў, і многія з іх выбіраюць для прадаўжэння кар'еры Польшчу. Так што, яна мае шанцы праз не такі ўжо доўгі час умацаваць свае слабыя месцы.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках