У Менскай вобласці праз моцны снегапад увялі план «Надвор'е»
6- 3.12.2023, 12:23
- 7,798
Што нельга рабіць кіроўцам?
Дзяржаўтаінспекцыя 3 снежня ўвяла план «Надвор'е» на тэрыторыі Менскай вобласці. Пра гэта паведамілі ва УУС і далі рэкамендацыі для кіроўцаў.
Паводле паведамлення, на дарогі вывелі снегаўборачную тэхніку, а праезную частку пачалі апрацоўваць пясчана-саляной сумессю.
У ДАІ «настойліва парэкамендавалі» кіроўцам «не апярэджваць, а тым больш не абганяць снегаўборачную тэхніку».
Акрамя таго, далі яшчэ некалькі парадаў:
выбіраць бяспечную хуткасць;
праяўляць асцярожнасць і павышаную ўвагу;
не дапускаць рэзкіх манеўраў і тармажэнняў;
быць уважлівымі пры руху на мастах, адрэзках дарог, якія праходзяць паблізу вадаёмаў і рэк, на закругленнях, спусках і ўздымах дарог;
прышпільвацца рамянямі бяспекі.
Таксама там традыцыйна парэкамендавалі адмовіцца ад паездак на асабістым транспарце і перамяшчацца на грамадскім.
Дзікія жывёлы
У той самы час у ДАІ Віцебскай вобласці папярэдзілі, што цяпер дзікіх жывёлінаў вабяць дарогі, апрацаваныя пясчана-салянымі сумесямі.
Таму там заклікалі быць асцярожнымі пры руху па-за населенымі пунктамі.
«Калі на шляху руху вашага аўтамабіля або на збочыне аўтадарогі з'явілася дзікая жывёла, неабходна неадкладна знізіць хуткасць да ўзроўню, калі можна імгненна спыніцца», – параілі там.