УСУ разграмілі камандны пункт спецыяльнага прызначэння РФ на левым беразе Дняпра і ліквідавалі генерал-маёра
6- 3.12.2023, 13:04
- 18,430

Знішчальны ўдар нанеслі па 10-й брыгадзе Галоўнай управы расейскага Генштаба.
Генерал-маёр войскаў РФ Уладзімір Завадскі, верагодна, быў ліквідаваны пры ўдары УСУ па адным з расейскіх камандных пунктаў, паведамляе dialog.ua.
28 лістапада УСУ нанеслі знішчальны ўдар па камандным пункце 10-й брыгады спецпрызначэння Галоўнай управы Генштаба УС РФ.
Ён размяшчаўся ў пасёлку Новая Маячка на акупаванай левабярэжнай частцы Херсонскай вобласці.
Інфармацыю пацвердзіў Z-канал «ПДВ за Сумленнасць і Справядлівасць», які вядуць афіцэры групоўкі «Днепр» УС РФ.
Аўтары канала рэзка раскрытыкавалі ваеннае кіраўніцтва за тое, што камандны пункт знаходзіўся так блізка да лініі фронту – усяго за 22 км.

«Пацвярджаем інфармацыю пра прылёт у г.п. Новая Маячка... Інфармацыя праўдзівая. 28 лістапада вораг нанёс ракетны ўдар па КП 10 абр СпН... Ці не час камандаванню ГУ “Днепр” падумаць пра адвод пунктаў кіравання часткамі і злучэннямі на больш бяспечнае выдаленне ад лініі фронту, хоць бы за мяжу Новая Кахоўка – Армянск. Інакш новыя прылёты – толькі пытанне часу», – пішуць расейскія афіцэры.
Яны ўдакладнілі, што пры ўдары былі і загінулыя, і параненыя вайскоўцы РФ. Колькасць назваць адмовіліся, «каб не цешыць» украінцаў.
Аднак адзначылі, што ў той самы дзень на Паўднёвым фронце быў ліквідаваны закамандзір 14-га вайсковага корпуса УС РФ генерал-маёр Уладзімір Завадскі.
Паводле адной з версій, ён падарваўся на міне. Аднак больш дакладнай версіяй выглядае, што ён патрапіў пад удар, знаходзячыся на камандным пункце.